Міністр абароны Ізраілю заклікаў ЦАХАЛ распрацаваць план для эвакуацыі жыхароў сектара Газа
- 6.02.2025, 14:31
- 1,512
Кац прывітаў «смелую ініцыятыву» Трампа.
Міністр абароны Ізраілю Кац у чацвер, 6 лютага, заявіў, што даручыў вайскоўцам падрыхтаваць план, які дазволіць жыхарам Газы, якія хочуць добраахвотна пакінуць анклаў, з'ехаць.
Пра гэта паведамляе The Times of Israel.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас прамовы заявіў, што ЗША «возьмуць пад свой кантроль» сектар Газы і «будуць несці адказнасць» за размінаванне і аднаўленне анклава.
Кац прывітаў «смелы план» Трампа і заявіў, што загадаў вайскоўцам падрыхтаваць план, паводле якога кожны жыхар зможа эміграваць ва ўсякую краіну, якая гатовая іх прыняць.
З яго слоў, план будзе прадугледжваць выезд праз наземныя кантрольна-прапускныя пункты, а таксама «спецыяльныя захады» для выезду марскімі і паветранымі шляхамі.
«Жыхарам Газы павінна быць нададзеная свабода выезду і эміграцыі, як гэта практыкуецца ва ўсім свеце», - прапанаваў Кац.
Ён таксама дадаў, што план Трампа можа прасунуць «планы рэабілітацыі ў дэмілітарызаванай Газе, якая не будзе ўяўляць ніякай пагрозы ў эпоху пасля ХАМАС, якая зойме шмат гадоў».
Кац прапанаваў Гішпаніі, Ірландыі, Нарвегіі і іншым краінам, якія раней крытыкавалі Ізраіль, прыняць палестынскіх бежанцаў, заявіўшы, што калі гэтыя краіны адмовяцца прыняць палестынцаў, «іх крывадушнасць будзе выкрытая».
Ён таксама згадаў Канаду, якая мае «арганізаваную іміграцыйную праграму» і «раней выказвала гатоўнасць прыняць жыхароў Газы».
Раней Трамп выказаў гатоўнасць узяць пад кантроль сектар Газы і развіваць рэгіён і дапусціў магчымасць увядзення туды амерыканскіх войск.
Ён ужо прапаноўваў план часовага перамяшчэння палестынцаў пасля падпісання пагаднення паміж Ізраілем і ХАМАС аб спыненні баявых дзеянняў.
Падчас прэс-канферэнцыі з ізраільскім прэм'ер-міністрам Біньямінам Нэтаньяху ён падкрэсліў, што палестынцам не застаецца альтэрнатывы, акрамя як пакінуць Газу.