«Сабралася і пайшла штурмаваць гэтую непрыступную сцяну»
4- 6.02.2025, 17:49
- 5,122
Патрапіць да лекара – сапраўдны квэст.
Як патрапіць на прыём да лекара ў мястэчку на Гомельшчыне? Гэта задача з дзвюма зорачкамі, піша ў рэдакцыю сайта Charter97.org чытачка Кацярына.
Я ўжо ў такім узросце, калі пачынаюць да чалавека чапляцца ўсякага роду хваробы. Лячыць, вядома ж, старых ніхто не хоча, выпішуць таблеткі, каб адчапіліся, ды ідзі, сядзі дома.
Калі ж спрабую загаварыць пра лекаванне, то часцяком нарываюся на фразу «А вы сабе ў пашпарт зазіралі?» Мяне гэта вельмі абражае. Няўжо, калі мой узрост набліжаецца да 70-ці, я не маю права на кваліфікаваную медыцынскую дапамогу?
Ды я сябе і старой сябе зусім не адчуваю. Таму мне крыўдна, калі мяне клічуць «бабуляй». Я маю групу інваліднасці і, адпаведна, маю патрэбу ў бесперапынным лячэнні медыкаментамі.
Звычайна заўсёды ёсць лекі ў запасе, а тут зірнула і абамлела. Неяк няўзнак скончыўся мой запас. Пачала тэлефанаваць у рэгістратуру, але, каб з таго боку пачуць адказ, выдаткавала тры дні.
Калі нарэшце пачула ласкавы голас, узрадавалася як дзіця, вось толькі радасць мая была нядоўгай. Найбліжэйшы візіт да лекара магчымы толькі праз 3 тыдні.
Сабралася я на наступны дзень і пайшла целам штурмаваць гэтую непрыступную сцяну. Раніцай, вядома ж, не да пацыентаў – шматлікія нарады. Адседзеўшы ў чарзе чатыры гадзіны, папрасіла, каб выпісалі мне лекі.
У адказ пачула, што лекарка занятая і стомленая, таму рэцэпт мне ніхто не дасць. Я аслупянела ад такога павароту. Выйшла, пасядзела, падумала, што рабіць, і пайшла да памагатага лекара.
Там мне сказалі, што мае лекі выпісваюцца на спецыяльным бланку, таму канкрэтна гэтыя выпісаць не могуць, але далі рэцэпт на іншыя, якія дапамогуць мне пратрымацца тры тыдні да візіту. Вось такі ён, твар «даступнай і бясплатнай» медыцыны.