Беларускія навукоўцы стварылі аўтаматычны гатункавальнік яблыкаў на базе ШІ
16- 6.02.2025, 20:28
- 3,390
![Беларускія навукоўцы стварылі аўтаматычны гатункавальнік яблыкаў на базе ШІ](https://i.c97.org/p/articles/2016/ai-218947-aux-head-20160818_jabloki_t.jpg)
Як табе такое, Ілан Маск?
У Беларусі развіваюцца практычна ўсе сферы дзейнасці, звязаныя са штучным інтэлектам, расказаў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблемаў інфарматыкі НАН Сяргей Круглікаў. Ягоныя словы паведамляе БелТА.
«У галіне апрацоўкі выяваў наша каманда ўваходзіць у сусветны топ-10. У цяперашні час колькасць такіх камандаў па ўсім свеце складае больш за 2 тыс., і мы ў ліку найлепшых», – растлумачыў Круглікаў.
Так, у тым, што тычыцца аналізу медыцынскіх выяваў, напрыклад КТ і МРТ, беларускія навукоўцы ўваходзяць у 2% найлепшых.
Ёсць у беларусаў і распрацоўка, якая зацікавіць сельгас- і харчовыя прадпрыемствы. Навукоўцы стварылі сістэму аўтаматычнага гатункавання яблыкаў.
«Блізу 80 розных гатункаў яблыкаў, а таксама іх хваробы наша сістэма з даволі высокай дакладнасцю распазнае, адсейвае і гатункуе. Хуткасць высокая – прыкладна 2,5 т/г», – расказаў гендырэктар інстытута.
Візітнай карткай Інстытута праблемаў інфарматыкі Круглікаў назваў апрацоўку маўлення.
Паводле ягоных словаў, у беларускіх навукоўцаў ёсць платформа з больш як 70 сэрвісамі ў гэтым кірунку. Ёсць у тым ліку і беларускамоўны ШІ-асістэнт.