Краіны Балтыі адключаюцца ад агульнай энэргасістэмы з Беларуссю і Расеяй
6- 7.02.2025, 9:08
- 5,134
І пераходзяць на рэгіянальную сетку Еўрапейскага Звязу.
Літва, Латвія і Эстонія ў выходныя, 8 лютага, адлучацца ад рэгіянальнай электрасеткі BRELL і пераключаюцца на рэгіянальную сетку Еўрапейскага Звязу.
Краіны не выключаюць магчымасці кібератак з боку Расеі да моманту выхаду, піша Politico.
"Эстонія падрыхтавалася да многіх магчымых сцэнарыяў рызыкі ў сувязі з нашым выхадам з BRELL, уключаючы кіберпагрозы", – заявіў у адказе на пытанне POLITICO кіраўнік Цэнтра кібербяспекі Эстоніі Герт Аўвяэрт.
Сістэма BRELL, аб якой ідзе размова, была створаная ў 2001 годзе. Яна называецца па першых літарах краін, якія ў яе ўваходзяць: Беларусь, Расея, Эстонія, Латвія і Літва. Сістэма прадугледжвае сувязь ліній электраперадач усіх гэтых пяці дзяржаў у адно электрычнае кольца. У выпадку аварыйных сітуацый краіны гарантуюць адна адной падтрымку рэзервамі.
Пастанова аб выхадзе з кола краіны прынялі яшчэ ў 2019 годзе, але для развязання тэхнічных пытанняў патрэбны быў час. Літва хацела адключыцца ад агульнай энэргасістэмы з Беларуссю і Расеяй яшчэ раней, у 2024 годзе. Але для гэтага ёй патрэбна была падтрымка Эстоніі і Латвіі. Эстонія ж пагаджалася толькі на дэдлайн у канцы 2025 года. У выніку тры краіны здолелі прыйсці да кансэнсусу і дамовіцца адключыцца ад агульнай з Беларуссю і Расеяй энергасістэмы да лютага 2025 года.
DW адзначае, што гэты пераход на еўрапейскую сетку мае толькі сімвалічнае значэнне, бо краіны яшчэ з 2022 года адмовіліся ад пакупкі расейскай або беларускай электраэнэргіі. Карыстальнікі не павінны заўважыць розніцы пры пераходзе на еўрапейскую сетку.