Сёння - дзень нараджэння Яўгена Афнагеля
1- 7.02.2025, 12:16
- 1,278
Палітвязню спаўняецца 46 гадоў.
Яўген Афнагель нарадзіўся 7 лютага 1979-га. Скончыў БДПУ імя Максіма Танка, факультэт гісторыі.
На першы мітынг, са слоў Яўгена, яго прывёў бацька - гэта была акцыя на Дзяды 1989 года.
Дзед аднаго з лідараў "Еўрапейскай Беларусі" падчас Другой сусветнай вайны браў актыўны ўдзел у дзейнасці Менскага падполля, у 1942 годзе заснаваў падпольную друкарню ў Траецкім прадмесці, выдаваў і распаўсюджваў газеты і ўлёткі.
Яўген Афнагель быў ля вытокаў стварэння апазіцыйнага руху "Зубр", адзін з лідараў "Еўрапейскай Беларусі".
Пасля падзей 2010-га некалькі гадоў знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі. Пасля вярнуўся ў Беларусі і стаў адным з лідараў Супраціву. Неаднаразова затрымліваўся і адбываў адміністратыўныя арышты.
Чарговы раз Яўген Афнагель быў затрыманы 25 верасня 2020 года. Пры гэтым у яго кватэры былі выламаныя дзверы.
25 траўня Афнагеля прысудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд над Паўлам Севярынцам і актывістамі "Еўрапейскай Беларусі" праходзіў у закрытым рэжыме.
На Яўгена ціснуць у калоніі: 19 студзеня 2022 года яго на 10 дзён кінулі ў штрафны ізалятар, пасля выхаду ён паведаміў сваякам, што хутка яго зноў змесцяць туды. Палітвязень правёў у штрафным ізалятары паўтара месяца і на пачатку сакавіка напісаў жонцы, што яго прыкладна на месяц змясцілі ў ПКТ і потым збіраюцца перавесці ў “крытую” турму на тры гады.
У судзе г. Наваполацка 12 красавіка 2022 года суддзя Ірына Жарава пастанавіла перавесці Яўгена Афнагеля на турэмны рэжым на 2 гады. Суд праходзіў праз відэасувязь з калоніі. Палітвязня перавялі з ПК №1 у магілёўскую Турму № 4.
Адрас для лістоў: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А