Чалы: Лукашэнка вядзе краіну да дэградацыі і застою
14- 7.02.2025, 12:52
- 5,880
![Чалы: Лукашэнка вядзе краіну да дэградацыі і застою](https://i.c97.org/ai/419007/aux-head-1618747711-20210418_czalyj_360.jpg)
Беларускі гандаль ставіць адзін антырэкорд за другім.
За 2024 год адмоўнае знешнегандлёвае сальда Беларусі вырасла амаль удвая да 5,4 млрд даляраў. Пры гэтым, паводле слоў міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, на Расею прыходзіць да 70 працэнтаў замежнага гандлю Беларусі. А ўсе "лёсавызначальныя" паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў краіны "далёкай дугі" былі напраўду "пшыкам".
"Мне здаецца, што мы назіраем пачатак той жа тэндэнцыі, якая была ў Расеі і пачынае заражаць беларускую эканоміку", – тлумачыць сітуацыю ў сваёй аўтарскай праграме "Чалый: Эканоміка" на канале БРЦ аналітык Сяргей Чалы.
Тэндэнцыя, паводле ягоных слоў, у тым, што і беларускі, і расейскі рынак паступова захопліваюць кітайскія вытворцы.
"Без кітайскіх станкоў, без запчастак і тэхналогій у нас ужо нічога не працуе", – кажа аналітык.
У якасці прыкладу ён падаў рэалізацыю дзяржаўнай праграмы "Адзін раён - адзін праект", згодна з якой у кожным рэгіёне Беларусі павінен быць створаны новы прамысловы аб'ект з інавацыйнай вытворчасцю.
І вось у рамках рэалізацыі гэтай праграмы баранавіцкія чыноўнікі зрабілі справаздачу аб будаўніцтве лініі вытворчасці халадзільнага абсталявання кітайскай кампаніі "Мідэя".
“Зноў Кітай. Будзем з запчастак кітайскіх на кітайскім абсталяванні вырабляць кітайскія тавары. А потым усё скончыцца тым, што вы будзеце купляць кітайскае, нават не вырабленае ў Беларусі”, - кажа Чалы.
Другі прыклад тычыцца “Беллеспаперапрама”. Старшыня канцэрна даў справаздачу, што зараз ідзе падрыхтоўка да будаўніцтва новага завода выпуску сульфатнай цэлюлозы магутнасцю не менш як 700 тысяч тон.
“Але ж у нас ужо ёсць завод. Вы ж толькі што зрабілі справаздачу, што вы тамака, з горам напалову, але запусцілі падобную вытворчасць, якая яшчэ так і не выйшла на праектную магутнасць…
…Цяпер жа на гэтую тэму нават небяспечна жартаваць. Бо ты пажартуеш, а яно потым стане жыццём. Вось калі я казаў, што пасля мадэрнізацыі мы атрымліваем такія заводы, што потым, як у анекдоце, "прасцей новых нараджаць, чым старых адмыць". Ну дык яны так і робяць”, - іранізуе Чалы.
Трэці, бадай, самы крыклівы прыклад нерацыянальнага выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў - гэта сітуацыя з пабудаванай за расейскія крэдыты атамнай станцыяй. Беларускія ўлады ніяк не могуць наладзіць бесперабойную працу першай БелАЭС, а Лукашэнка ўжо кажа, што трэба пабудаваць другую.
“Мы ўваходзім у перыяд, які нават горшы за савецкі застой”, - мяркуе Чалы. Паводле ягоных слоў, краіна скочваецца ў эпоху "дэградацыі і застою".
Але замест таго, каб падумаць пра перспектывы развіцця Лукашэнка патрабуе ад чыноўнікаў імгненнага выніку, ну а тыя ўжо выкручваюцца, хто як умее.