Скандальнага дэпутата Гурулёва звольнілі з абароннага камітэта Дзярждумы РФ
22- 7.02.2025, 14:08
- 8,234
![Скандальнага дэпутата Гурулёва звольнілі з абароннага камітэта Дзярждумы РФ](https://i.c97.org/ai/550250/aux-head-1685596747-20230601_general_360.jpg)
Адыёзны генерал прапаноўваў скінуць ядзерныя бомбы на ЗША і Еўропу.
Дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» генерал Андрэй Гурулёў, які пагражаў Захаду ядзерным ударам, а расейцам - адраджэннем сістэмы ГУЛАГ - будзе выключаны з думскага камітэта абароные, піша «РИА Новости».
Адпаведны праект пастановы ўнесла ў Думу камісія рэгламенту. Дакумент будзе разгледжаны 11 лютага. Са звестак выдання, Гурулёва збіраюцца перавесці ў камітэт рэгіянальнай палітыкі.
Гурулёў вядомы сваімі адыёзнымі паводзінамі і неадназначнымі выказваннямі, заклікамі аб ядзерных атаках па "ворагах Расеі". Напрыклад, у чэрвені 2024 года ў эфіры тэлеканала "Расея 1" ён заявіў, што неабходна нанесці ядзерны ўдар па Нідэрландах. На ягоную думку, такі напад зможа паставіць Еўропу на калені. «Я для сябе выявіў, што практычна недзе на 50-60% забеспячэння Еўропы вуглевадародамі знаходзіцца ў Галандыі. Уяўляеце, у Галандыі на ўзбярэжжы. У вайскоўцаў гэта завецца тлустая цэль. Мы выдатна разумеем, як нанесці крытычна непрымальную шкоду, каб Еўропа стала на калені. Прычым гэтая справа аднаго дня. З мінімальным расходам ядзернага боепрыпасу», - сказаў дэпутат.
У лістападзе Гурулёў адрэагаваў на дазвол Украіне з боку ЗША біць дальнабойнымі ракетамі ATACMS углыб расейскай тэрыторыі. Адказам, на яго думку, павінен быў стаць дэманстратыўны ядзерны ўдар па ЗША. «Я вас запэўніваю – адказу не будзе. Таму што той [ядзерны] арсенал, які ёсць у Расеі, 100% стрымлівае [улады ЗША] ад ужывання ядзернай зброі», - заявіў ён у эфіры «Нядзельнай вечарыны з Уладзімірам Салаўёвым».
На пачатку мінулага года ў эфіры тэлеканала «Царград» дэпутат сказаў, што для грамадзян, якія «"ідуць супраць дзяржавы», трэба адрадзіць сістэму ГУЛАГа. «Мне зараз кажуць: «Ты хочаш зладзіць ізноў ГУЛАГ». Ну, я сапраўды кажу, што жадаю, каб тыя, хто сёння шкодзіць нашай Радзіме тут усярэдзіне, радасна махалі кайлом у раёне Калымскага гасцінца. Гэта праўда. І не толькі я хачу, і народ хоча гэтага», - перакананы дэпутат.