7 лютага 2025, Пятніца, 23:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Качанаву накіравалі ратаваць камбінат, які выпускае сыркі

17
Качанаву накіравалі ратаваць камбінат, які выпускае сыркі
НАТАЛЛЯ КАЧАНАВА

Чыноўніца будзе рыхтаваць даклад для Лукашэнкі.

Улады збянтэжыліся працай малочных камбінатаў. 7 лютага кіраўнік «савета рэспублікі» Наталля Качанава і некаторыя іншыя «сенатары» выязджалі на такое прадпрыемства ў Полацак. Як заявіла чыноўніца, на гэтым малочным камбінаце – самая складаная сітуацыя ў параўнанні з іншай 31 аналагічнай арганізацыяй. Раней Наталля Качанава ў красавіку 2021 года ўжо наведвала гэтае прадпрыемства і абяцала яму падтрымку. «Люстэрка» нагадвае, там вырабляюць вядомыя глазураваныя сыркі з выявай панды на ўпакоўцы.

«Падчас наведвання мною (у студзені сёлета. – Заўвага. рэд.) Полацкага малочнага камбіната прагучала пытанне пра цяжкое эканамічнае становішча на гэтым прадпрыемстве, неабходнасць прыняцця пастановаў», – сказала Наталля Качанава і ўдакладніла, што чыноўнікі выехалі на месца «для ацэнкі рэальнай сітуацыі».

«З 32 малочных камбінатаў, бадай, самая складаная сітуацыя – на Полацкім малочным камбінаце», – заявіла чыноўніца.

Паводле ейных словаў, улады «выпрацоўвалі пэўныя пастановы, якія дапамогуць гэтаму прадпрыемству». Як удакладніла Наталля Качанава, будзе падрыхтаваны даклад для Аляксандра Лукашэнкі пра сітуацыю, якая склалася на прадпрыемстве, і шляхі яе нармалізацыі.

«Сенатар» Леанід Заяц падрабязней расказаў пра сітуацыю на Полацкім малочным камбінаце і магчымыя шляхі яе пераадолення.

«У няпростую эканамічную сітуацыю патрапіла гэтае прадпрыемства, – адзначыў чыноўнік. – У першую чаргу трэба прыняць пастанову наконт загрузкі сыравінай завода. Магутнасці прадпрыемства дазваляюць перапрацоўваць 800 тонаў малака за змену – а загружаем сёння мы 300 тонаў. Відавочная нястача сыравіны адбіваецца на аб'ёмах валавой прадукцыі і на фінансавым стане прадпрыемства. Разам з тым ягоная прадукцыя вельмі якасная, мае свайго спажыўца на рынку».

Леанід Заяц удакладніў, што для гэтага камбіната маюць намер пашырыць сыравінную зону, што «дазволіць прыкладна ў 1,7 разу павялічыць цяперашнюю загрузку, абслужыць фінансавыя абавязальніцтвы, без затрымак аплачваць малако, якое набываецца».

«Абмеркавалі таксама пытанне пра мадэрнізацыю гэтага завода. Размова ідзе пра рэканструкцыю існай кацельні, што дасць магчымасць падаваць пару на тэхналагічныя лініі прадпрыемства. Разглядаліся і захады фінансавай падтрымкі, якія дазволяць стабілізаваць працу Полацкага малочнага камбіната», – удакладніў Леанід Заяц.

Дарэчы, у снежні 2023 года з-пад «крыла» малочнага камбіната ў Полацку вывелі Шумілінскі сырзавод і Новалукомскі тварожны завод.

Наталля Качанава раней у красавіку 2021 года наведвала гэтае прадпрыемства і абяцала яму падтрымку. Тады яна кантралявала, як выконваецца ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

«Трэба працаваць, пускаць абаротныя сродкі ў развіццё, мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Гэта будзе на карысць усім: і нашым прадпрыемствам, і дзяржаве, і асобна ўзятаму супрацоўніку», – заяўляла тады Наталля Качанава.

Паводле звестак сэрвісу kartoteka.by, толькі сёлета ў студзені было як мінімум 14 судовых паседжанняў, у якіх малочны камбінат у Полацку праходзіў як адказчык. Адзін з самых буйных пазоваў да гэтага прадпрыемства – амаль на 1,1 млн рублёў ад Пастаўскага малочнага завода.

Як паведамляецца, агульная запазычанасць малочнага камбіната ў Полацку паводле судовых пазоваў за апошнія паўгода склала 1 млн 746 тысячаў рублёў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках