РасСМІ: Вайскоўцам РФ адправілі партыю замінаваных акуляраў для кіравання дронамі
5- 7.02.2025, 21:39
- 8,410
![РасСМІ: Вайскоўцам РФ адправілі партыю замінаваных акуляраў для кіравання дронамі](https://i.c97.org/ai/629059/aux-head-1738953282-20240101_maskk_360.jpg)
Партыя акуляраў нібыта паступіла ў якасці гуманітарнай дапамогі.
Невядомыя спрабавалі перадаць расейскім вайскоўцам, якія ўдзельнічаюць ва ўварванні ва Украіну, FPV-акуляры, начыненыя выбухоўкай. Пра гэта ў размове з ТАСС заявіў афіцыйны прадстаўнік АТ «НВП» (распрацоўнік і пастаўшчык РЭБ-абсталявання) Ігар Патапаў. Паводле ягоных словаў, партыя акуляраў Skyzone Cobra X v4 паступіла ў якасці гуманітарнай дапамогі ад нейкага чалавека з імем Раман. «Калі ўскрывалі партыю, выявілі ва ўсіх гэтых вырабах упакаваны пластыд», – расказаў Патапаў.
Ён заклікаў вайскоўцаў выяўляць асаблівую пільнасць пры атрыманні гуманітарнай дапамогі ад незнаёмых асобаў, нагадаўшы, што любая гуманітарная дапамога патрабуе праверкі, асабліва калі яна паступае ад новага, невядомага чалавека.
«Людзей, якія займаюцца гуманітарнай дапамогай, у нас даволі шмат, яны ўсе даволі вядомыя. І калі рэзка з'яўляецца нейкі дабрадзей з жаданнем дапамагчы – гэта, вядома, выдатна, але падобных людзей заўсёды трэба правяраць», – падкрэсліў Патапаў.
Увесну 2022 года, неўзабаве пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну, двое вайскоўцаў РФ загінулі, а яшчэ 28 апынуліся ў рэанімацыі пасля ўжывання атручаных піражкоў, якія, паводле звестак Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны, былі прыгатаваныя жыхарамі Ізюмскага раёна Харкаўскай вобласці. У тым самым паведамленні ўказвалася, што блізу 500 вайскоўцаў той самай дывізіі былі шпіталізаваныя праз цяжкае атручэнне алкаголем невядомага паходжання.
Летам 2023 года ў акупаваным Марыупалі адбыўся яшчэ адзін падобны інцыдэнт. Як пісаў дарадца мэра горада Пётр Андрушчанка ў сваім тэлеграм-канале, невядомыя арганізавалі масавае атручэнне расейскіх афіцэраў падчас святкавання Дня ВМФ. У выніку, паводле словаў дарадцы кіраўніка горада, 17 чалавек у цяжкім стане былі шпіталізаваныя, двое з іх памерлі.