WP: Кандыдат Трампа на пасаду кіраўніка ФБР атрымліваў грошы ад хаўрусніка Крамля
16- 8.02.2025, 11:35
- 7,320
![WP: Кандыдат Трампа на пасаду кіраўніка ФБР атрымліваў грошы ад хаўрусніка Крамля](https://i.c97.org/ai/629098/aux-head-1739004724-Кэш Патель_360_1.png)
Сумы ішлі ад вядомага прапагандыста, звязанага з фондам Пуціна.
Кандыдат прэзідэнта Дональда Трампа на пасаду дырэктара ФБР Кэш Патэль атрымліваў грошы ад кінакампаніі, якая належыць рэжысёру, вядомаму тэорыямі змовы «глыбіннай дзяржавы» і антызаходнімі поглядамі.
Як паведамляе The Washington Post, летась Патэль атрымаў 25 000 даляраў ад Global Tree Pictures, кампаніі з Лос-Анджэлеса. Яе кіраўніком з'яўляецца Ігар Лапацёнак, кінарэжысёр, вядомы праектамі прарасейскай прапаганды, якія фінансаваліся з фонду, створанага Уладзімірам Пуціным.
Як піша выданне, Патэлю заплацілі за ўдзел у дакументальным фільме «Уся прэзідэнцкая раць: змова супраць Трампа, які выйшаў у эфір у лістападзе на анлайн-сетцы Такера Карлсана. У гэтым шасцісерыйным фільме Патэль разам з іншымі прадстаўнікамі адміністрацыі Трампа выступаў у ролі «ахвяраў змовы», які «разбурыў жыцці паплечнікаў Трампа ў спробе адхіліць дэмакратычна абранага прэзідэнта ад пасады».
Сярод іншых удзельнікаў дакументальнага фільма былі былы дарадца Трампа ў перадвыбарнай кампаніі Стывен К. Бэнан, былы мэр Нью-Ёрка Рудзі Джуліяні і былы дарадца ў нацыянальнай бяспецы Майкл Флін, які пайшоў у адстаўку ў пачатку 2017 года пасля таго, як зрабіў ілжывыя заявы аб сваіх размовах з расейскім паслом.
«Калі Патэля зацвердзяць, агенцтва, адказнае за абарону ад расейскіх шпіёнскіх аперацый унутры Злучаных Штатаў, узначаліць чалавек, які некалькімі месяцамі раней узяў грошы ў меркаванага хаўрусніка Крамля», - піша WP.
Выданне нагадвае, што запланаванае на гэтым тыдні галасаванне Камітэта па правасуддзі ў вылучэнні кандыдатуры Патэля было адкладзенае да наступнага тыдня праз пярэчанні, выказаныя сябрамі камісіі ад Дэмакратычнай партыі. Дэмакраты агулам выступілі супраць вылучэння кандыдатуры Патэля, называючы яго экстрэмістам з недастатковым досведам кіраўніцтва, які будзе выкарыстоўваць ФБР для дзеянняў у адказ супраць людзей, якіх ён і Трамп уважаюць за апанентаў.
Ігар Лапацёнак, ураджэнец Украіны, пераехаў з Расеі ў Лос-Анджэлес у 2008 годзе. Паводле яго паведамленняў у сацыяльных сетках, Лапацёнак ездзіў у Маскву, прынамсі, тры разы ў перыяд з 2012 да 2014 года і публічна крытыкаваў пратэсты 2014 года ў Кіеве.
У сакавіку 2023 года Лапацёнак быў прызначаны мастацкім кіраўніком расейскай кампаніі ўплыву, якая атрымала амаль 31 000 даляраў ЗША ў выглядзе фінансавання ад фонду, створанага Пуціным для культурных ініцыятыў. Кампанія пад назвай «To Russia With Love» супрацьстаяла публікацыям у заходніх СМІ таго, «як жудасна жыць у Расеі і як добра пераехаць на Захад».