Ззялі пад промнямі сонца: навукоўцы знайшлі ўнікальнае ўпрыгожванне з больш чым 270 000 пацерак
- 8.02.2025, 12:11
- 2,856
Адкрыццё мяняе ўяўленні аб ролі жанчын у грамадстве ў старажытнай Гішпаніі.
Археолагі, якія даследавалі 5000-гадовае пахаванне на паўднёвым захадзе Гішпаніі, выявілі, што пахаваныя там жанчыны мелі ўпрыгожанні з надзвычайнай колькасці белага бісеру, які ўтвараў цырыманіяльны ўбор. Гэтае месца раскрыла новыя падрабязнасці сацыяльных і культурных практык жыхароў рэгіёну меднага стагоддзя, піша Arkeonews.
Раскопкі на гэтым месцы, праведзеныя ў 2010-2011 гадах, выявілі тое, што зараз прызнанае самай вялікай калекцыяй пацерак, калі-небудзь задакументаванай у адным пахаванні ў Валенсіна-дэ-ла-Кансепсьёне, шырокай археалагічнай зоне паблізу Севіллі.
Гэты пахавальны комплекс, пабудаваны паміж 2900 і 2800 гадамі да н. э., змяшчаў тысячы пацерак, размешчаных ва ўзорах, што паказваюць на тое, што калісьці яны былі часткай адзежы, якую, магчыма, насілі жанчыны высокага статусу.
Аналіз пацерак, асабліва тых, што былі знойдзеныя каля асобы, вядомай як «Лэдзі са слановай косткі», паказвае на развітую сетку рамеснікаў і гандлёвых шляхоў, засяроджаных вакол марскіх рэсурсаў.
Вядучы даследчык Леанарда Гарсія Санхуан з Універсітэта Севіллі адзначыў, што гэтыя ўпрыгожанні, якія складаліся пераважна з пацерак з марскіх ракавін, выкарыстоўваліся для асаблівых цырымоній, а не для паўсядзённага нашэння. Многія ракавінкі захавалі перламутравы бляск, што сведчыць аб тым, што калісьці яны пераліваліся пад сонечным святлом, узмацняючы свой візуальны эфект.
Навукоўцы даследавалі больш за 270 000 пацерак, вырабленых пераважна з марскіх ракавін, а таксама з каменя і костак. Для гэтага эксперты выкарыстоўвалі радыевуглеродны аналіз, марфаметрычны аналіз і эксперыментальныя рэканструкцыі.
Сам маштаб вытворчасці, неабходны для гэтых упрыгажэнняў, уражвае – паводле ацэнак даследчыкаў, для вырабу адных толькі пацерак спатрэбілася б каманда з 10 чалавек, якія працавалі б амаль сем месяцаў, не лічачы часу, неабходнага для збору сыравіны.
Большасць пацерак было знойдзеная ў вялікай камеры, якая змяшчае парэшткі 20 чалавек, у тым ліку 15 жанчын. Іншая камера, дзе былі пахаваныя дзве жанчыны, таксама змяшчала пацеркі. Даследнікі мяркуюць, што многія з гэтых упрыгажэнняў былі нанізаныя так, што ўтваралі тунікі, спадніцы ці іншыя ўборы. Марта Дыяс-Гвардаміна з Дарэмскага ўніверсітэта адзначыла, што рэшткі раслінных валокнаў у адтулінах пацерак сведчаць аб тым, што іх нанізвалі на тканіну.
Гарсія Санхуан выказаў здагадку, што гэтае асляпляльнае адзенне адыгрывала вызначальную ролю ў публічных рытуалах, патэнцыйна паказваючы на высокі сацыяльны або рэлігійны статус уладальніц. Ён таксама выказаў зацікаўленасць у далейшых даследаваннях, каб высветліць, ці існавалі ў валенсійскім грамадстве матрыярхальныя структуры ў гэтую эпоху, час узмацнення сацыяльнага расслаення па ўсёй Еўропе.