Эдуарда Бабарыку зноў будуць судзіць
6- 8.02.2025, 12:54
- 8,912
![Эдуарда Бабарыку зноў будуць судзіць](https://i.c97.org/ai/383145/aux-head-1592753304-20200621_eduard_babariko_360.jpg)
Працэс пачнецца 20 лютага.
Палітвязень Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за чатыры з паловай гады, але яму працягваюць дадаваць тэрміны, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
У ліпені 2024 года да яго васьмігадовага тэрміну дадалі яшчэ паўтара гады паводле артыкула 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Для адбыцця пакарання яго перавялі ў Ваўкавыскую калонію №11, дзе менш чым за паўгода супраць яго зноў распачалі справу паводле таго ж артыкула.
Судовы працэс пройдзе 20 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёну. Весці справу будзе суддзя Мікалай Сяргеенка, які раней вынес аналагічны прысуд анархісту Аляксандру Францкевічу. У выпадку новага абвінаваўчага прысуду тэрмін Эдуарда Бабарыкі можа павялічыцца яшчэ на два гады.
Нагадаем, Эдуард Бабарыка 5 ліпеня 2023 года быў прызнаны «вінаватым» паводле некалькіх артыкулаў КК.
Яму далі восем гадоў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у суме 5000 базавых адзінак (185 000 рублёў).
Эдуард Бабарыка быў затрыманы разам са сваім бацькам, Віктарам Бабарыкам, 18 чэрвеня 2020 года, і ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ.