Нямеччына пачала ствараць новы танк са звышмагутнай гарматай
14- 8.02.2025, 14:24
- 5,398
![Нямеччына пачала ствараць новы танк са звышмагутнай гарматай](https://i.c97.org/ai/535686/aux-head-1675963078-20230207_Panther_360.jpg)
СМІ называюць яго «Leopard 3».
Нямеччына пачынае працу над асноўным баявым танкам, які СМІ называюць «Leopard 3» (нельга выключаць, што ён атрымае іншае абазначэнне). Пра гэта са спасылкай на дакументы ўправы закупаў Бундэсвера паведамляе Defense Express.
Гаворка ідзе аб абнаўленні амаль усіх асноўных кампанентаў Leopard 2, які зараз актыўна выкарыстоўвае як сама Нямеччына, так і іншыя краіны свету, напрыклад, Украіна.
Вядома, што кампанія Rheinmetall створыць для Leopard 3 некалькі тыпаў 130-мм танкавых боепрыпасаў для гарматы Rh-130 L/51. Гаворка ідзе аб «атэстацыйных» боепрыпасах DM13, шматфункцыянальным фугасным DM11 і бранябойным кінэтычным DM23.
На заявы самой Rheinmetall, у параўнанні са звычайнай 120-мм гарматай кінэтычная энэргія стрэлу ўзрасце на 50%. Экіпаж танка паменшыцца да трох чалавек (у склад экіпажа Leopard 2 уваходзяць чацвёра).
Таксама Leopard 3 атрымае новы рухавік Olymp – распрацоўнікам выступіць кампанія Liebherr. У дадатак да гэтага будзе істотна ўзмоцненая абарона танка.
Гаворка ідзе аб сістэме MUSS, распрацаванай кампаніяй Hensoldt. Сістэма будзе фіксаваць лазернае апрамяненне і супрацьдзейнічаць супрацьтанкавым планаваным ракетам. Таксама яна зможа фіксаваць працу аптычных прыбораў.
Спецыялісты гавораць, што танк будзе аснашчаны комплексам актыўнай абароны і атрымае камбінаваныя развязанні, якія дазволяць супрацьдзейнічаць дронам. Гэта асабліва актуальна ў сувязі з досведам расейска-ўкраінскай вайны.