Стала вядома, колькі вайсковых мэт УСУ паспяхова пашкодзілі за год у Расеі
- 8.02.2025, 19:32
- 1,868
Галоўнакамандуючы УСУ да гадавіны свайго прызначэння распавёў аб прыярытэтах у супрацьстаянні агрэсіі РФ.
За год цэлямі паспяховай паразы на тэрыторыі РФ сталі больш за 370 аб'ектаў вайсковага прызначэння. Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў Facebook да гадавіны свайго прызначэння, якое адбылося 8 лютага 2024 года. Галоўны прыярытэт, сказаў ён, - "Расея ў агні".
«Працягваецца нарошчванне ўдараў па вайсковых аб'ектах на тэрыторыі ворага. Воінскія часці, арсеналы, склады захоўвання, цэхі прадпрыемстваў ВПК, нафтаперапрацоўчыя заводы, якія забяспечваюць гаручым расейскае войска, і іншыя аб'екты будуць атакаваныя, пакуль будзе працягвацца агрэсія Масквы супраць нашай дзяржавы», - адзначыў Сырскі.
З ягоных слоў, дыстанцыя паражэння DeepStrike углыб тэрыторыі РФ ужо дасягнула 1,7 тыс. км.
«Рыхтуем новыя дальнабойныя сродкі, і яны будуць ужытыя. За гэты год цэлямі паспяховага комплекснага агнявога паражэння на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі сталі 377 аб'ектаў вайсковага прызначэння», - падкрэсліў ён.
Як паведаміў галоўнакамандуючы, Паветраныя Сілы і іншыя складнікі Сіл абароны на працягу года знішчылі 9200 паветраных цэляў розных тыпаў, што ў 2,4 раза больш, чым у 2023-м (3798).
Сырскі адзначыў, што Украіна здольная контратакаваць, біць і гнаць ворага. Гэта давялі абарона Кіева, Харкаўская наступальная аперацыя, вызваленне правабярэжнай Херсоншчыны. Гэта, з ягоных слоў, прадэманстравала і Курская аперацыя.
«Мы стварылі буферную зону на Куршчыне, разбурыўшы задуму ворага пачаць новы наступ на Сумы і Харкаў. Таксама гэтай аперацыяй аслабілі ціск на некаторыя ўчасткі фронту», - распавёў галоўнакамандуючы.
У сувязі з гэтым ён назваў іншы прыярытэт - нестандартныя дзеянні, не толькі абарона.
Са слоў генерала, за 6 месяцаў актыўных баявых дзеянняў на тэрыторыі РФ агульныя страты расейскіх войскаў у жывой сіле складаюць больш за 47 тысяч чалавек, з іх больш за 19 тысяч – забітымі. Сырскі падкрэсліў, што гэта найбольш падрыхтаваныя расейскія войскі. Пацярпела разгром і групоўка паўночнакарэйскіх наймітаў.
Таксама галоўнакамандуючы паведаміў, што ў ходзе аперацыі ўзяты ў палон 924 вайскоўцы войска РФ. Папаўненне абменнага фонду дазволіла вызваліць частку ўкраінскіх вайскоўцаў, у тым ліку тых, хто знаходзіўся ў няволі з вясны 2022 года.
Акрамя таго, са слоў галоўнакамандуючага, стварэнне новых механізаваных брыгад дапамагло прыцягнуць да Курскага наступу свежыя падраздзяленні.
"Дзякуючы гэтаму мы змаглі вывесці тры брыгады дэсантна-штурмавых войскаў з Данецкай вобласці на аднаўленне баяздольнасці, даўкамплектаваць і дазброіць іх, што дало вынік: мы ўжо больш за 6 месяцаў утрымліваем сотні квадратных кіламетраў тэрыторыі краіны-агрэсара", - сказаў Сырскі.
Ён падкрэсліў, што ключавым прыярытэтам застаецца захаванне жыццяў людзей. Галоўнакамандуючы назваў і іншыя прыярытэты:
- «бі здалёку», што адбываецца дзякуючы ўжыванню дронаў, артылерыі, рабатызаваных платформ, наземных і марскіх дронаў;
- максімум намаганняў для паляпшэння падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў;
- рэфармаванне вайсковых структур, пераход на стандарты і прынцыпы NATO ў падрыхтоўцы і кіраванні войскамі;
- нарошчванне магчымасцей Узброеных сіл і пераход на корпусную сістэму, якая дасць больш устойлівую і кіруемую структуру войскаў.