Расейцам прыйшоў гамон
13- 10.03.2025, 8:54
- 20,250

Расейскія вайскоўцы задыхнуліся ад метану ў газавай трубе пад Суджай.
Спроба расейскіх акупантаў паўтарыць «аўдзееўскі сцэнар» і закінуць у тыл Узброеных сіл Украіны вялікую групу салдат праз трубу газаправода цалкам няўдалая, прызнаюць расейскія прапагандысты. З іх заяў, аперацыю «Труба» спланавалі дрэнна, украінская выведка ведала аб усім з самага пачатку, а ў трубе больш расейцаў задыхнулася, чым было забіта украінскімі вайскоўцамі, піша «Тэлеграф».
Адзін з вядомых расейскіх «ваенкараў», прапагандыст Уладзімір Раманаў сцвярджае, што расейскае падраздзяленне, якое выконвала гэтую аперацыю, удзельнічала ў падзеях у Аўдзееўцы ў пачатку 2024 года. Аднак, у адрозненне ад Аўдзееўкі, тут абсалютна ўсё пайшло не згодна з планам, скардзіцца ён.
«Адно падраздзяленне, якое яшчэ з часоў Аўдзееўкі вельмі любіць піяр, заявіла ідэю з трубой — на хвалі «можам паўтарыць»... Падраздзяленне заявіла, што ўсё падрыхтавала: вентыляцыю, адстойнікі, ваду і правіянт, сувязь і г.д. Але высветлілася, што не падрыхтавалі. Вынік усе на месцах ведаюць», - паскардзіўся ён.
Акрамя таго, іншыя расейскія прапагандысты пішуць, што аперацыю «планавалі хайперы». А аб спробе прайсці па трубе ў тыл УСУ ўкраінская выведка ведала дастаткова даўно.
Вінаватым гэтым разам некаторыя прапагандысты зрабілі вядомага расейскага дронавода з псеўданімам «Майсей», які 1 сакавіка апублікаваў у сваім канале просьбу тэрмінова дапамагчы з пастаўкай кіслародных балонаў. Менавіта гэта, адзначаюць прапагандысты, пераканала ўкраінскую выведку ў тым, што атрыманая імі інфармацыя аб спробе паўтарыць «аўдзееўскі марш» цалкам рэальная.