The Times: Брытанія кансультуе Украіну пра тое, як весці мірныя перамовы з ЗША
3- 10.03.2025, 12:43
- 2,492

Фота: Telegram / Андрій Єрмак
Украіну наведаў дарадца брытанскага прэм'ера Джонатан Паўэл.
Вялікабрытанія кансультуе Украіну ў пытанні вядзення перамоў з ЗША. Для гэтага Украіну 8-9 сакавіка наведаў дарадца брытанскага прэм'ера Джонатан Паўэл, паведамляе The Times.
З інфармацыі The Times, Паўэл прыбыў у Кіеў, каб праінфармаваць Уладзіміра Зяленскага перад тым, як прадстаўнікі Украіны накіруюцца 11 сакавіка ў ЗША на перамовы. Гэта неабходна, каб пазбегнуць паўтарэння «катастрафічнага скандалу», які адбыўся ў Авальным кабінеце з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам 28 лютага.
Таксама паведамляецца, што брытанскі прэм'ер Кір Стармер спрабуе пераканаць Трампа аднавіць абмен выведвальнымі звесткамі з Украінай. У Вялікабрытаніі мяркуюць, што ёсць на гэта надзея, бо гэтая просьба "больш тэрміновая і здзяйсняльная", чым аднаўленне вайсковай дапамогі.
The Times мяркуе, што Паўэл параіў Зяленскаму ясна даць зразумець, што ён адказвае на амерыканскія запыты. Тым самым падкрэсліць, што галоўная перашкода да міру - Расея і яе дзеянні.
Таксама паведамляецца, што Паўэл 8-9 сакавіка пагаварыў з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і генеральным сакратаром NАТО Маркам Рутэ аб неабходнасці аднаўлення выведвальных звестак. Аналагічнае пытанне ён паднімаў і ў гутарцы з дарадцам Трампа аб нацыянальнай бяспецы Майкам Уолтцэм.