Закінуты дзіцячы летнік на беразе Дзвіны патрапіў на аўкцыён
7- 10.03.2025, 14:34
- 3,730

Каштуе як аднапакаёўка ў Менску.
Пусты дзіцячы летнік у вельмі маляўнічым месцы зараз шукае таго, хто ўдыхне ў яго новае жыццё. Аздараўленчы комплекс, які не выкарыстоўваецца, знаходзіцца проста на беразе Заходняй Дзвіны, недалёка ад Віцебска. Таргі за былы летнік пройдуць на электроннай пляцоўцы ЗАТ "Белрэалізацыя". Пачатковы кошт складае амаль 60 тысяч даляраў, піша Realt.

Былы дзіцячы летнік “Бярозка” знаходзіцца ў сасновым бары - на беразе ракі Заходняя Дзвіна. Тэрытарыяльна гэта - Віцебская вобласць, Мазалаўскі сельсавет, побач з вёскай Букаціна. Ад Менска да гэтых месцаў - амаль 280 кіламетраў.

Аздараўленчы комплекс пабудавалі ў гэтых мясцінах у 60-х гадах. Летнік знаходзіўся на балансе віцебскай абутковай фабрыкі "Чырвоны Кастрычнік". Дзіцячая аздараўленчая ўстанова заняла вялізную тэрыторыю - амаль 8 гектараў. Трэба сказаць, што паўночныя наваколлі Віцебска заўсёды вабілі турыстаў - побач знаходзіцца яшчэ некалькі дзіцячых летнікаў, а таксама новая база адпачынку.

У савецкія гады "Бярозка" была даволі папулярным месцам адпачынку дзяцей і моладзі. У 2014-м годзе летнік закрылі, а будынкі састарэлі. Цяпер тэрыторыя летніка агароджаная, тут маецца вонкавае асвятленне, дзве артэзіянскія свідравіны з вадой і два трансфарматары. Ацяпленне ажыццяўляецца ад цвёрдапаліўнага катла з асобнай кацельні. Сістэма каналізацыі патрабуе рамонту.

Агульная плошча пабудоў базы адпачынку налічвае амаль 3700 квадратных метраў. У склад лота ўваходзіць будынак адміністрацыі, некалькі спальных карпусоў, дамы для персаналу, сталоўка, клуб, сховішча для агародніны і іншыя пабудовы. Усе будынкі былі пабудаваныя яшчэ ў савецкія гады і зараз маюць патрэбу ў рэканструкцыі. Акрамя карпусоў летніка, новаму ўласніку дастанецца ў арэнду зямельны надзел 8 гектараў.
Цяпер "Бярозка" належыць прыватнай кампаніі. Відаць, уласнік хацеў пераабсталяваць былы летнік пад аздараўленчы комплекс, але не выйшла. Таргі за аб'ект нерухомасці пачнуцца са 195 тысяч рублёў (61 тысяча даляраў). Крок аўкцыёну складзе 9 750 рублёў. Заяўкі прымаюцца да 28 сакавіка.
Аўкцыён пройдзе 31 сакавіка аб 11:00 на электроннай пляцоўцы ЗАТ "Белрэалізацыя".