«Беларусбанк» увёў змены для спажывецкіх крэдытаў
1- 10.03.2025, 16:21
- 2,374

Кліенты наўрад ці ацэняць новаўвядзенні.
«Беларусбанк» з 10 сакавіка ўвёў змены па крэдытах. Як высветлілася, фінустанова павысіла не толькі адсоткавыя стаўкі ў пазыках на нерухомасць, але і на спажывецкія патрэбы. Пры гэтым для некаторых крэдытаў таксама змянілі ўмовы іх выдачы, піша «Зеркало».
Якія змены для спажывецкіх пазык
«Павялічваюцца адсоткавыя стаўкі для крэдытных дамоваў у спажывецкіх крэдытах і авердрафтных крэдытах, у тым ліку ў рамках карткі «Магніт RGB». За выключэннем крэдыту «На родныя тавары», - паведамілі ў кантакт-цэнтры банка.
Так, для пазыкі на спажывецкія патрэбы знізілі тэрмін вяртання - з пяці да трох гадоў. Як удакладнілі ў кантакт-цэнтры банка, гэтая навіна не тычыцца тых, хто паспеў падаць заяўку на такі крэдыт да 9 сакавіка ўключна. Пры гэтым адсоткавая стаўка вырасла з 17,2-17,5% да 17,88-18,18% гадавых.
Што новага для ахвочых набыць жыллё з дапамогай банка
Што тычыцца пазык на нерухомасць, то банк павысіў у тым ліку стаўкі па наступных: «Рэфінансаванне іпатэкі», «Іпатэка Экспрэс», «Крэдыт на набыццё жылля», «Стройдом», «Дом для аўто».
Да прыкладу, «Рэфінансаванне іпатэкі» – з 17,5 да 18,18% гадавых, а на «Стройдом» – з 15 да 18,18%.
Нагадаем, стаўка для крэдыту «Іпатэка Экспрэс» для тых, хто набывае жыллё на агульных падставах на другасным рынку ў фізічнай або юрыдычнай асобы, павялічылася з 17,5 да 18,18%.