Над Тарэцкам працуе новы ўкраінскі беспілотнік Seth
- 11.03.2025, 9:30
- 5,544

Гэтая «птушка» устойлівая да расейскіх РЭБаў.
Пасля васьмі месяцаў бесчалавечных гарадскіх баёў, якія суправаджаліся разбурэннем шматпавярховікаў, у пачатку лютага расейскія войскі абвясцілі аб поўным кантролі над Тарэцкам. Зрэшты, сітуацыя змянілася. Украінскія войскі прымянілі на гэтым кірунку новы беспілотнік, піша Forbes.
Праз месяц сітуацыя змянілася - расейскія войскі змушаныя былі адступіць. Украінскія сілы, сярод іншага 12-я брыгада «Азоў» і іншыя вайсковыя фармаванні выбілі 2-ю агульнавайсковую армію Расеі з большай часткі Тарэцка. Гэты шахцёрскі горад да вайны меў амаль 30 000 жыхароў.
Паводле звестак Украінскага цэнтра абаронных стратэгій, украінскія войскі наступаюць на вуліцы Дружбы ў цэнтры горада, а таксама на вуліцы Будаўнікоў, размешчанай на поўдзень.
Змяненне сітуацыі ў Тарэцку тлумачыцца двума галоўнымі чыннікамі: знясіленнем расейскіх войскаў і перавагай украінскіх беспілотнікаў. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расея страціла больш за 500 000 вайскоўцаў і 15 000 адзінак тэхнікі. Гэта істотна паўплывала на баяздольнасць яе войска. «Ёсць усе прыкметы знясілення Расеі», - адзначыў кіраўнік Галоўнай управы выведкі Украіны Кірыл Буданаў.
Украінскія сілы таксама панеслі значныя страты - амаль 300 000 вайскоўцаў. Аднак на большасці адцінкаў фронту, які распасціраецца праз поўдзень і ўсход Украіны да Курскай вобласці ў Расеі, яны маюць стратэгічную перавагу дзякуючы беспілотнікам.
За некалькімі выключэннямі, украінскія дроны пераўзыходзяць расейскія ў якасці і ўстойлівасці да радыёэлектроннай барацьбы. У Тарэцку 12-я брыгада «Азоў» пачала прымяняць найноўшы беспілотнік Seth. Ён патрулюе паветраную прастору над полем бою, распазнаючы характэрныя сілуэты варожай тэхнікі. Дзякуючы шрубавому прываду Seth можа аўтаномна паварочвацца і наносіць удар боегалоўкай вагой прыкладна 4,5 кг.
Гэты дрон, хутчэй за ўсё, мае функцыю перадачы відэа аператарам, але яго галоўная асаблівасць – аўтаномнасць. Ён выкарыстоўвае шматканальны GPS-прымач, устойлівы да перашкод, што значна ўскладняе яго знішчэнне.
Сутыкнуўшыся з пагрозай украінскіх дронаў, расейскія войскі ў Тарэцку пачалі перасоўвацца на матацыклах, імкнучыся пазбягаць выкарыстання павольных танкаў.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў Пакроўску, дзе спалучэнне бесперапынных нападаў украінскіх беспілотнікаў і знясілення прымушае расейцаў адступаць. Аднак вайна мае двухбаковы эфект: у Курскай вобласці самі ўкраінскія войскі сутыкаюцца з нястачай забеспячэння, зазнаюць напады высокатэхналагічных беспілотнікаў і вымушаныя адступаць.