У свеце можа стаць яшчэ больш ядзерных краін
10- 11.03.2025, 18:39
- 9,060

Усё праз палітыку Трампа.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп называе ядзерную зброю самай вялікай пагрозай для чалавецтва, але ён, магчыма, адкрывае шлях да міру з вялікай колькасцю ядзерных дзяржаў і меншай колькасцю «бар'ераў» для ядзернай зброі, піша Axios.
У нядзелю, 9 сакавіка, Трамп пацвердзіў сваю надзею «спыніць ядзерную спіраль», у якой Кітай, Расея і ЗША распрацоўваюць усё больш дасканалую ядзерную зброю. Ён таксама сказаў, што накіраваў ліст вярхоўнаму лідару Ірана Алі Хамэнэі, у якім выказаў жаданне падпісаць новае пагадненне ў ядзерных пытаннях, спрабуючы прадухіліць атрыманне ядзернай зброі Тэгеранам.
Першыя тыдні знаходжання Трампа на пасадзе былі «азнаменаваныя» папярэджаннямі аб ядзерных рызыках, у тым ліку яго жаданнем пазбегнуць Трэцяй сусветнай вайны праз уварванне РФ ва Украіну.
Адваротны бок: у той жа час жорсткая палітыка Трампа ў дачыненні да Украіны, а таксама яго пастанова аб прыпыненні дапамогі Кіеву, прымушае хаўруснікаў ЗША абмяркоўваць, ці варта ім распрацоўваць уласную ядзерную зброю, каб не залежаць ад Вашынгтона.
Да прыкладу, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў на днях, што ягонай краіне давядзецца вывучыць «магчымасці, звязаныя з ядзернай зброяй». Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон казаў, што пракансультуецца з еўрапейскімі супольнікамі, такімі як Нямеччына, з нагоды «ўключэння іх пад французскі ядзерны парасон».
Нападкі Трампа на хаўруснікаў актывізавалі дэбаты і ў Паўднёвай Карэі аб тым, ці патрэбна Сеулу ўласная ядзерная праграма для абароны ад ядзернай Паўночнай Карэі.
На фоне ўсяго гэтага некаторыя эксперты баяцца новай эры нуклеарызацыі.
«Перакананне, што Злучаныя Штаты не зацікаўленыя ў абароне хаўруснікаў, а менавіта такую выснову хутка і справядліва робяць супольнікі, з вялікай імавернасцю можа прывесці да ядзернага распаўсюджвання», - адзначае Джэймс Актан з аналітычнага цэнтра Фонду Карнэгі за міжнародны мір.
«Я думаю, практычна непазбежна, што яны будуць вывучаць свае магчымасці, і існуе рэальная перспектыва таго, што некаторыя з гэтых «вывучэнняў» ператворацца ў праграмы ўзбраення», – дадаў Актан, падкрэсліваючы такую магчымасць, напрыклад, для Паўднёвай Карэі.
Між тым да заканчэння тэрміну дзеяння апошняй шырокай амерыкана-расейскай дамовы аб кантролі над узбраеннямі засталося менш за год.
Кітай, у сваю чаргу, адпрэчвае перамовы аб кантролі над узбраеннямі – прынамсі, датуль, пакуль яго ядзерная праграма, якая імкліва развіваецца, не дасягне парытэту з іншымі вялікімі дзяржавамі.
Былы высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік прызнаў Axios, што «цяжка ўявіць» сцэнар, паводле якога Пекін сядзе за стол трохбаковых перамоў, якіх хоча Трамп.
«Я думаю, мы набліжаемся да перыяду, калі ў нас не будзе ніякага дзейнага пагаднення аб кантролі над ядзернымі ўзбраеннямі», - адзначыў былы чыноўнік.
Трамп зрабіў два сур'ёзныя крокі «на ядзернай арэне» падчас свайго першага тэрміну ў Белым доме - выйшаў з ядзернай дамовы з Іранам і правёў саміты з лідарам КНДР /b>Кім Чэн Ынам, спрабуючы пераканаць Паўночную Карэю ў неабходнасці дэнуклеарызацыі.
З таго часу, аднак, і Тэгеран, і Пхеньян дабіліся значных поспехаў у ядзернай сферы.
Ліст Трампа Хамэнэі і заявы прэзідэнта ЗША аб жаданні аднавіць узаемадзеянне з КНДР сведчаць аб тым, што ядзерная дыпламатыя зноў на парадку дня. Але адной толькі «сілы асобы» будзе недастаткова, каб кантраляваць «найбольшую пагрозу для свету», адзначае Axios.