Рубіа пасля перамоваў з Украінай: Мяч цяпер на баку Расеі
19- 11.03.2025, 21:49
- 8,366

ЗША чакаюць ад РФ спынення агню.
Украіна гатовая да спынення агню з Расеяй. Цяпер Масква павінна адказаць узаемнасцю.
Пра гэта дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа і дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майк Уолц заявілі падчас размовы з журналістамі.
Пасля сённяшніх перамоваў з украінскай дэлегацыяй, якія сярод іншага тычыліся спынення агню, Рубіа падкрэсліў, што «мяч цяпер на баку Расеі».
Дзяржсакратар падкрэсліў, што Украіна зрабіла «станоўчы крок» да ўсталявання міру, і ён спадзяецца, што Расея адкажа ўзаемнасцю.
«Самы першы жэст добрай волі, які мы маглі б убачыць ад Расеі – узяць украінскую прапанову (аб спыненні агню, – рэд.) і адказаць на яе “так”», – дадаў кіраўнік Дзярждэпу.
У сваю чаргу Уолц удакладніў, што Украіна падзяляе візію прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў пытанні заканчэння вайны.
«Яны падзяляюць ягоны катэгарычны намер спыніць баявыя дзеянні», – дадаў ён.