У адным з раёнаў Беларусі зафіксавалі нетыповы рост захворвання на ВРІ
13- 12.03.2025, 10:47
- 12,384

На 23 тысячы чалавек – 1 101 выпадак заражэння.
У Дзятлаўскім раёне ў лютым на вострыя рэспіраторныя інфекцыі хварэла ў 1,5 раза больш людзей, чым у студзені. Як паведамляе "Еўрарадыё", адпаведныя звесткі апублікавала мясцовая раённая газета. Магчыма, такі рост ёсць і ў іншых раёнах Беларусі.
У раёне рэгіструецца ўздым захворвання на ВРІ - на 48,2%. За люты ў раёне, дзе жыве блізу 23 тысяч чалавек, зарэгістраваны 1101 выпадак заражэння. Часцей за ўсё хварэлі дзеці: іх удзельная вага сярод хворых склала 67,9 адсотка. Гэта прыкметна больш, чым афіцыйная лічба ў сярэднім па Беларусі - блізу 58%.
Тым часам у Міністэрстве аховы здароўя сцвярджаюць, што ўсё пад кантролем: “Цяпер у Беларусі эпідэміялагічная сітуацыя з ВРІ ацэньваецца як кантраляваная. Адзначаецца паступовы прырост колькасці хворых”. Пры гэтым чыноўнікі ведамства дадаюць, што “ўзровень захворвання на ВРІ ніжэйшы за эпідэмічны”.