Нацыянальная выведка ЗША аднавіла адпраўку звестак Украіне
- 12.03.2025, 14:43

Заява з'явілася праз некалькі гадзін пасля сустрэчы ў Савудаўскай Арабіі.
Дырэктарка Нацыянальнай выведкі Злучаных Штатаў Амерыкі Талсі Габард паведаміла аб аднаўленні выдачы Украіне выведвальных звестак. Заява з'явілася праз некалькі гадзін пасля сустрэчы ў Савудаўскай Арабіі, якая мусіць дапамагчы спыніць расейска-ўкраінскую вайну. Аб пастанове Белага дома чыноўніца напісала на старонцы X (Twitter).
Заява Габард з'явілася 12 сакавіка а 6 гадзіне (па Менску). Кіраўніца ведамства напісала, што выканала даручэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і скасавала паўзу ў выдачы выведвальных звестак.
Прадстаўніца Белага дома адзначыла выдатную ролю Трампа, дзякуючы якому зрабілі "яшчэ адзін крок да заканчэння кровапралітнай вайны". Іншых дэталяў Габард не расказала.