«Ёсць тры тэмы, якія будуць абмяркоўваць Пуцін і Лукашэнка»
19- 12.03.2025, 16:49
- 24,688

Навошта беларускі дыктатар ляціць у Маскву?
Лукашэнка ляціць з афіцыйным візітам у Расейскую Федэрацыю. Перамовы з Пуціным пройдуць 13 сакавіка ў Крамлі.
Якія тэмы будуць абмяркоўвацца на сустрэчы? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з беларускім палітолагам Анатолем Котавым:
- Самая галоўная тэма - гэта грошы, падтрымка Лукашэнкі і рэжыму ў 2025-м годзе. Адпаведна, усе магчымыя праекты кшталту другой БелАЭС, а таксама нейкія новыя ідэі ў сферы імпартазамяшчэння і нават развіцця штучнага інтэлекту - усё гэта, хутчэй за ўсё, будзе абмяркоўвацца заўтра. Нешта з гэтага нават трапіць у прэсу, але агулам гэта проста нагода папрасіць дадатковае фінансаванне на 2025 год.
Пакуль усе нейкія мегапраекты з Расейскай Федэрацыяй, увогуле, буксуюць, казаць пра нейкі эканамічны складнік або эканамічную эфектыўнасць не даводзіцца. Пасля будаўніцтва першай АЭС электраэнэргія толькі падаражэла, яе стала шмат, але кошт усё адно ўзрос. Адпаведна гэта не пра выгаду, а менавіта пра падтрымку рэжыму фінансамі.
Таксама відавочна будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў рэгіёне, а менавіта перспектывы спынення агню ці нейкага пачатку мірнага працэсу ва Украіне. Лукашэнку гэтая тэма як мінімум цікавая, ён вельмі хоча апынуцца за сталом перамоў у той ці іншай якасці, бо мяркуе, што такім чынам яму будзе забяспечанае міжнароднае прызнанне і, адпаведна, нейкая абарона ад замахаў на яго ўладу.
І трэцяя тэма, якая будзе закранацца, гэта будучыя вучэнні «Захад-2025», тэрмін якіх няўмольна набліжаецца. Адпаведна, можна будзе прыстрашыць вучэннямі, «Арэшнікам» і ядзернай зброяй пабразгаць на адрас Еўропы.
Два таварышы, два браты — Лукашэнка і Пуцін — зараз робяць адну і тую ж стаўку, а менавіта на дамоўленасці з амерыканцамі, каб пакараць Еўропу па сутнасці справы за яе ўпартасць і значна большую падтрымку Украіны, чым гэта робяць зараз Злучаныя Штаты Амерыкі.
- У апошні час адбылася кансалідацыя Еўропы ў многіх пытаннях. Як фактар моцнай Еўропы паўплывае на беларускі рэжым?
- Пакуль ёсць размовы аб тым, што Еўропа павінна быць моцнай не толькі эканамічна, але і ў плане абароны. А гэта іншы ўзровень супрацоўніцтва і іншы ўзровень хаўрусу.
Еўропа, увогуле, не моцна збіралася ваяваць пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, прынамсі, ідэі вайны ў Еўропе сур'ёзна не разглядаліся. Адпаведна, патрэбныя практычныя крокі ў гэтым кірунку, а гэта патрабуе дастаткова сур'ёзных фінансаў. Гаворка ідзе пра сотні мільярдаў даляраў не толькі на павелічэнне войска і стварэнне нейкага, умоўна кажучы, адзінага еўрапейскага камандавання ці еўрапейскага рэгіянальнага NATO, але і на прамысловасць, якая не была запатрабаваная і, адпаведна, не асабліва развівалася.
У першую чаргу ўсе прадпрыемствы, у тым ліку абаронныя, павінны былі зарабляць грошы, а ў Еўропе проста не было такога рынку. Сродкі на ўзбраенне войска скарачаліся, закуплялася менш розных узбраенняў, таму агулам еўрапейская абаронная прамысловасць не нарошчвала моц, арыентуючыся пераважна на экспарт сваёй прадукцыі.
Неабходны рух адразу па ўсіх трох кірунках - павелічэнне фінансавання, стварэнне вайсковага абарончага саюза, размяшчэнне і нарошчванне вайсковай вытворчасці, што патрабуе значных інфраструктурных змяненняў. Калі такое адбудзецца, то можна будзе казаць аб тым, што Еўропа рухаецца ў бок сілы, да больш цеснага аб'яднання і ператварэння ў больш сур'ёзнага гульца на еўразійскай прасторы, на прасторы двух кантынентаў. Тады стане складаней як Пуціну, так і Лукашэнку ціснуць на асобныя краіны Еўропы, развязваючы рэгіянальныя і лакальныя гібрыдныя войны.