У Беларусі стане яшчэ складаней здаць на пасведчанне кіроўцы
13- 12.03.2025, 17:33
- 11,750

МУС бярэ на кантроль здачу практычнага іспыту ў ДАІ.
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў 12 сакавіка правёў рабочую нараду ў Міжраённым экзаменацыйным аддзеле ДАІ ГУУС Менгарвыканкама, паведамляе БелТА.
Міністр звярнуў увагу на нізкі ўзровень падрыхтоўкі курсантаў аўташкол. Так, напрыклад, з першай спробы практычны іспыт атрымоўваецца здаць не больш чым 30% з іх. Як следства - вялікія чэргі на пераздачу.
Акрамя таго, назіраецца высокая аварыйнасць сярод кіроўцаў са стажам да аднаго года. У 2024 годзе, у параўнанні з 2023 годам, яна вырасла на 15%.
Іван Кубракоў даў указанні, што трэба зрабіць найбліжэйшым часам, каб выраўнаваць сітуацыю. Так, напрыклад, ён даручыў неадкладна павялічыць колькасць экзаменатараў, пры неабходнасці перавесці іх на ўзмоцнены варыянт нясення службы, перагледзець арганізацыйна-штатную структуру падраздзялення і перайсці з папяровага на электронны варыянт падпісання дамоваў.
Сітуацыю са здачай іспытаў курсантамі аўташкол будуць маніторыць не толькі ў Менску, але і па ўсёй краіне. Сітуацыя ўзятая на асабісты кантроль міністра, аб выніках яму будуць дакладвацца кожны тыдзень.