12 сакавiка 2025, Серада, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рэзалюцыі Еўрапарламента згадваецца Беларусь

1
У рэзалюцыі Еўрапарламента згадваецца Беларусь

Еўрадэпутаты заклікаюць Брусэль дзейнічаць «у тэрміновым парадку».

Расея - пры падтрымцы сваіх хаўруснікаў Беларусі, Кітая, КНДР і Ірана - з'яўляецца «самай значнай наўпроставай і ўскоснай пагрозай ЕЗ», гаворыцца ў прынятай 12 сакавіка рэзалюцыі Еўрапарламента (ЕП).

Поўны тэкст рэзалюцыі пакуль не апублікаваны. Вытрымкі з дакумента апублікавала прэс-служба ЕП.

У паведамленні зазначаецца, што Еўрапарламент заклікае ЕЗ дзейнічаць «у тэрміновым парадку» і гарантаваць уласную бяспеку праз «умацаванне стасункаў з партнёрамі-аднадумцамі і значнае памяншэнне залежнасці ад краін», якія не ўваходзяць у звяз.

У дакуменце гаворыцца, што Еўразвяз «перажывае пераломны момант» і для дасягнення міру і стабільнасці ў Еўропе «павінен падтрымаць Украіну і сам стаць больш устойлівым».

Еўропа, як заяўляецца, «сутыкаецца з самай сур'ёзнай вайсковай пагрозай сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці з часоў заканчэння халоднай вайны». У рэзалюцыі змяшчаецца заклік да дзяржаў ЕЗ, міжнародных партнёраў і хаўруснікаў па NATO «зняць усе абмежаванні на выкарыстанне заходніх сістэм узбраенняў, пастаўленых Украіне, супраць вайсковых цэляў на расейскай тэрыторыі».

Нядаўнія дзеянні і заявы адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа «ўзмацнілі асцярогі з нагоды будучай пазіцыі ЗША ў дачыненні да Расеі, NATO і еўрапейскай бяспекі», Еўрапарламент таксама «рашуча асуджае пагрозы ЗША на адрас Грэнландыі», адзначаецца ў дакуменце.

На гэтым фоне падкрэсліваецца, што абаронныя намаганні ЕЗ «не могуць заставацца абмежаванымі па памеры, фрагментарнымі па ахопе і працяглымі па часе». Еўрапарламент «патрабуе нарошчвання намаганняў у вайсковай галіне, а таксама ў прамысловым, тэхналагічным і выведвальным сектарах».

У тэксце гаворыцца, што ЕЗ павінен даць магчымасць сваёй адміністрацыі «значна хутчэй праходзіць усе працэдуры» ў выпадку вайны або іншых маштабных крызісаў бяспекі. Падкрэсліваючы важнасць супрацоўніцтва паміж ЕЗ і NATO, еўрадэпутаты заклікаюць да стварэння «цалкам дзеяздольнай еўрапейскай часткі ў NATO», здольнай «дзейнічаць аўтаномна, калі гэта неабходна».

ЕЗ павінен прыняць пастанову аб «адзіным і выразным доўгатэрміновым бачанні еўрапейскай абароннай прамысловасці», працэс прыняцця пастаноў па еўрапейскай абароне павінен стаць менш складаным, звяртаюць увагу аўтары дакумента.

ЕП папярэджвае, што без істотнага павелічэння інвестыцый «мэты Еўразвязу ў галіне бяспекі і абароны не будуць дасягнутыя ні наконт вайсковай падтрымкі Украіны, ні наконт павышэння агульнаеўрапейскай бяспекі».

Дэпутаты Еўрапарламента заяўляюць, што «неадкладныя патрэбнасці не могуць чакаць наступнай шматгадовай фінансавай рамачнай праграмы» і просяць знайсці «інавацыйныя развязанні для пошуку дадатковага фінансавання без затрымак», такія як «сістэма еўрапейскіх абаронных аблігацый для фінансавання буйнамаштабных вайсковых інвестыцый».

Рэзалюцыя прынятая 419 галасамі, 204 еўрадэпутаты прагаласавалі «супраць», 46 устрымаліся.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках