У Беларусі банкруціцца вядомы пастаўшчык аўтатавараў
2- 12.03.2025, 18:43
- 5,966

Кампанія была афіцыйным пастаўшчыком прадукцыі Castrol, Donaldson і Henkel.
У Менску банкруціцца кампанія «Атлант-М Норд», вынікае са звестак Адзінага дзяржрэестра звестак аб банкруцтве. Гэтая фірма займалася пастаўкай у тым ліку аўтамабільных расходных матэрыялаў і запчастак, заўважыла «Зеркало».
Аб прызнанні банкрутам кампаніі «Атлант-М Норд» у Эканамічны суд Менскай вобласці з заявай звярнулася Менская абласная ўправа Фонду сацабароны насельніцтва.
Фірма знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі з 2022 года і назапасіла пазыкі на 791,7 тысячы рублёў, у тым ліку больш за 48 тысяч выплат у дзяржбюджэт. Пры гэтым кошт яе актываў не перавышае 14,5 тысяч рублёў.
Судовае пасяджэнне, на якім кампанію могуць афіцыйна прызнаць банкрутам, прызначанае на 17 чэрвеня.
«Атлант-М Норд» працуе з 2014 года, ёй валодаюць Кірыл Саннікаў і Сяргей Смірноў. Кампанія была афіцыйным пастаўшчыком у Беларусь прадукцыі брэндаў Castrol, Donaldson і Henkel, а таксама прадавала запчасткі для тэхнікі МТЗ і МАЗ.