13 сакавiка 2025, Чацвер, 2:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Славакія стала адной з найбуйнейшых экспарцёрак узбраення ў Еўропе

1
Славакія стала адной з найбуйнейшых экспарцёрак узбраення ў Еўропе

Браціслава ў 2024 годзе падвоіла экспарт зброі і боепрыпасаў.

Славакія ў 2024 годзе падвоіла экспарт зброі і боепрыпасаў, паведамляе Bloomberg са спасылкай на справаздачу галоўнага эканаміста банка CSOB Марэка Габрыса на аснове афіцыйных звестак пра знешні гандаль.

Летась краіна дасягнула рэкорднага аб'ёму экспарту ўзбраення – больш за €1,2 млрд ($1,3 млрд). Экспарт зброі і боепрыпасаў складае 0,9% ад аб'ёму славацкай эканомікі, які ацэньваецца на €130 млрд.

«Славакія стала адной з найбуйнейшых экспарцёрак зброі ў Еўропе ў аб'ёме экспарту на душу насельніцтва або ў ВУП», – адзначыў Габрыс.

Пасля пачатку вайны РФ ва Украіне славацкія кампаніі, якія вырабляюць боепрыпасы, атрымалі рэкордныя ў аб'ёме замовы, хоць прэм'ер-міністр Роберт Фіца выключаў якую-небудзь ваенную падтрымку Украіны. Увосень летась прэм'ер казаў, што Славакія не пастаўляе зброю ва Украіну бясплатна, але гатовая прадаць. Фіца ўзначаліў урад у кастрычніку 2023 года. Папярэдні кабінет міністраў даваў ваенную дапамогу Кіеву – сярод іншага, перадаў ракеты С-300, гаўбіцы Zuzana і знішчальнікі МіГ-29.

Славакія уваходзіць у лік найбуйнейшых вытворцаў буйнакаліберных боепрыпасаў у Еўропе, яна выпускае больш за 120 тыс. снарадаў за год. Вытворчасць кантралюецца дзвюма кампаніямі, якія належаць Czechoslovak Group (CSG) Міхала Стрнада. Акрамя боепрыпасаў, у краіне ёсць таксама заводы, якія выпускаюць гаўбіцы і іншую ваенную тэхніку.

Увесну летась Bloomberg паведаміў, што Стрнад стаў мільярдэрам пасля пачатку вайны ва Украіне дзякуючы пастаўкам Кіеву адрамантаваных савецкіх танкаў Т-72. У CSG уваходзяць, сярод іншага, Excalibur і Tatra. Excalibur пасля пачатку баёў ва Украіне нарасціў вытворчасць цяжкіх боепрыпасаў больш як у дзесяць разоў.

Паводле звестак Politico, за першыя сем месяцаў 2023 года кампанія ZVS Holding (супольнае прадпрыемства MSM Group, заснаванай Яраславам Стрнад, і DMD Group, якая належыць Мінабароны на чале з Робертам Каліняком) дала справаздачу пра прыбытак памерам €44 млн у параўнанні з €40 млн за ўвесь 2022 год. «Амаль 100% боепрыпасаў, вырабленых ZVS Holding на найбліжэйшыя два-тры гады, прададзеныя Украіне», – адзначаў міністр абароны Славакіі ў папярэднім урадзе Яраслаў Надзь.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках