Зяленскі правёў тэхналагічную Стаўку
3- 12.03.2025, 21:48
- 1,680

Абмеркавалі дроны, удары ў тыл РФ і пераадоленне РЭБ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сераду, 12 сакавіка, правёў чарговую Стаўку. Яна была прысвечаная развіццю беспілотных сістэмаў і іх выкарыстанню ва ўмовах вайны.
Пра гэта Зяленскі расказаў падчас вечаровага звароту.
Паводле ягоных словаў, галоўнай тэмай сустрэчы сталі ўкраінскія дроны, іх дальнабойныя ўдары, эфектыўнасць нападаў, а таксама спосабы ўдасканалення тэхналогій. Да абмеркавання далучыліся вайскоўцы, службоўцы і вытворцы ўзбраення.
Адным з ключавых пытанняў стала пераадоленне расейскіх сістэмаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) і супрацьпаветранай абароны. Зяленскі адзначыў, што Украіне трэба нарошчваць вытворчасць дронаў, для чаго неабходныя новыя кантракты, фінансаванне і інвестыцыі ад міжнародных партнёраў. Ён таксама адзначыў, што распрацоўнікі прапанавалі ўжо шэраг тэхналагічных ідэяў для павышэння эфектыўнасці атак.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дроны сталі адным з ключавых складнікаў у стрымліванні Расеі, а таксама могуць стаць важкай міжнароднай перавагай Украіны.
«Наша вытворчасць і мадэрнізацыя дронаў – гэта тое, што будзе гарантаваць бяспеку Украіны ў доўгатэрміновай перспектыве і стане часткай нашага будучага экспарту», – падкрэсліў Зяленскі.
Ён адзначыў, што ўкраінскія беспілотнікі ўжо сёння выклікаюць значную цікавасць у міжнародных партнёраў, а іх выкарыстанне ў вайне даказала іх важнасць у абароне пазіцый і захаванні жыццяў вайскоўцаў.
Зяленскі заявіў, што праз 10 дзён адбудзецца новае абмеркаванне гэтага пытання, дзе павінны быць агучаныя канкрэтныя адказы на ўсе закранутыя тэмы.
«Тое, што будзе дасягнута цяпер, будзе працаваць на Украіну гадамі і дзесяцігоддзямі», – падкрэсліў ён.