Улады рыхтуюць чарговыя новаўвядзенні па рынку працы
4- 13.03.2025, 21:44
- 12,200

Яны закрануць людзей пэўнага ўзросту.
Улады рыхтуюць дакумент з новым спісам работ, на якіх забароненая праца непаўналетніх. Пры гэтым змены, як плануецца, пашыраць магчымасці для падлеткаў падзарабляць. Аб гэтым піша выданне «Знамя юности».
Дакумент ужо падрыхтаваны і ўбачыць свет найбліжэйшым часам, піша выданне. Замест забароны на цэлыя тыпы дзейнасці ў ім будуць указаныя толькі канкрэтныя прафесіі.
- У адрозненне ад цяперашняга спісу, дзе пералічаныя тыпы работ (напрыклад, непаўналетнім забараняецца браць удзел у буравых работах, падземных работах, работах пад вадой), у новым дакуменце будуць указаныя канкрэтныя прафесіі. Гэта зроблена на шматлікія просьбы спецыялістаў па кадрах: часам нялёгка суаднесці вакансію, на якую адгукнуўся непаўналетні, з канкрэтнымі тыпамі работ і вызначыць, ці няма сярод іх забароненых, - паведаміў начальнік управы аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Мінпрацы Іван Карчэўскі.
Таксама спіс, як сцвярджаецца, скароцяць. Непаўналетнія змогуць працаваць у паліграфіі на пасадах карэктара ці аператара набору. Таксама плануецца пашырыць спіс лёгкадаступных работ для школьнікаў і студэнтаў, што дасць ім больш магчымасцей для падпрацоўкі.
Нагадаем, у Беларусі забаронена прыцягваць непаўналетніх на цяжкія працы, са шкоднымі, небяспечнымі ўмовамі працы. Таксама ёсць спецыяльны спіс дзейнасці, якая для людзей, малодшых за 18 гадоў, не дазволеная.