WP: Зацятасць Пуціна раздражняе Трампа
11- 14.03.2025, 11:51
- 6,986

Прэзідэнт ЗША ўзняў пытанне аб магчымасці новых жорсткіх мер супраць Расеі.
Амерыканская выведка мяркуе, што расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін не гатовы да міру. Ён усё яшчэ хоча захапіць Украіну.
Пра гэта паведамляе The Washington Post.
.
Як адзначаюць крыніцы выдання, засакрэчаныя даклады амерыканскай выведкі, у тым ліку апублікаваныя ў пачатку гэтага месяца, ставяць пад сумнеў гатоўнасць Пуціна спыніць вайну супраць Украіны, ацэньваючы, што расейскі дыктатар не адступіў ад сваёй мэты - дамінаваць над Украінай.
У адной з сакрэтных адзнак, распаўсюджаных сярод прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа, датаванай 6 сакавіка, гаворыцца аб тым, што Пуцін па-ранейшаму поўны рашучасці ўтрымліваць уладу над Кіевам.
Даклады выведкі не маюць на мэце ацэньваць дыпламатыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Але яны ставяць пытанне аб тым, ці правільна Белы дом разумее гатоўнасць Пуціна да міру.
Некаторыя цяперашнія і былыя амерыканскія чыноўнікі заявілі, што Пуцін, нават калі і пагодзіцца на часовае замірэнне, выкарыстоўвае яго для адпачынку і пераўзбраення сваіх войск. На іх думку, расейскі дыктатар, хутчэй за ўсё, парушыць умовы пагаднення, стварыўшы правакацыю, абвінавачваючы Украіну.
Іншыя чыноўнікі заявілі, што ў паведамленнях было больш асцярожнасці аб тым, на якія ўмовы міру можа пагадзіцца Пуцін. Але яны прызналі, што няма ніякіх прыкмет таго, што дыктатар адступіў ад мэты захапіць Украіну.
«У яго ёсць даўняе жаданне аднавіць «матухну Расею», - сказаў адзін з чыноўнікаў.
Застаецца невядомым, ці Трамп азнаёміўся са справаздачай выведкі. Са слоў іншага суразмоўцы выдання, некаторыя ацэнкі ЗША аб зацятасці Пуціна раздражняюць Трампа. Прэзідэнт ЗША і яго памочнікі ў апошнія дні ўзнялі пытанне аб магчымасці ўвядзення новых жорсткіх санкцый супраць Расеі, калі яна не пагодзіцца спыніць вайну.
«Прэзідэнт адчайна хоча ўкласці ўгоду. А расейцы не дэманструюць ніякіх прыкмет паслаблення. Яны ўзмацняюць свае патрабаванні», - дадаў суразмоўца WP.