15 сакавiка 2025, Субота, 0:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дапамога Нямеччыны Украіне будзе павялічана на тры мільярды еўра

Дапамога Нямеччыны Украіне будзе павялічана на тры мільярды еўра

Пра гэта дамовіліся чатыры нямецкія партыі.

Падчас фінансавых перамоў кансерватыўны блок Хрысціянска-дэмакратычнай і Хрысціянска-сацыяльнай уній (ХДУ/ХСУ), Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны (СДПН) і партыя “Унія 90”/”зялёныя” дамовіліся пра павелічэнне дапамогі Украіне дзеля абароны ад расейскай ваеннай агрэсіі на тры мільярды.

Старшыня парламенцкай фракцыі ХДУ / ХСУ Фрыдрых Мерц (Friedrich Merz) у пятніцу, 14 сакавіка, заявіў, што федэральны канцлер Олаф Шольц (Olaf Scholz) пагадзіўся выдзеліць сродкі, як толькі будзе ўзгоднены фінансавы пакет для ўмацавання абароны і інфраструктуры.

Гэтыя сродкі могуць быць выдзелены ў якасці пазапланавых выдаткаў не пазней за наступны тыдзень, пасля адпаведнага рашэння бундэсрата. Пагадненне таксама пацверджана СДПН і "зялёнымі", удакладняе агенцтва dpa, нагадваючы, што падчас перадвыбарнай кампаніі ў Нямеччыне ішлі спрэчкі з нагоды выдзялення гэтых грошай на далейшыя пастаўкі ўзбраенняў Кіеву. Цяпер канцлер Шольц пагадзіўся на такі крок пры ўмове, што палітыка "пазыковага тормазу" можа быць аслаблена для павелічэння дзяржвыдаткаў ФРН на абарону.

У той жа дзень блок ХДУ/ХСУ і СДПН, якія вядуць перамовы аб стварэнні кіруючай кааліцыі, дамовіліся з партыяй "Унія-90"/"зялёныя" і аб планах маштабнага павелічэння дзяржаўных пазык.

План пазыковай рэформы дазваляе вызваліць выдаткі на абарону ад "пазыковага тормазу", замацаванага ў канстытуцыі Германіі, і стварыць спецфонд памерам 500 млрд. еўра для ўкладанняў у інфраструктуру. Угода паміж партыямі прадугледжвае выдзяленне 100 млрд. еўра для Фонду клімату і пераўтварэнняў (KTF).

"Зялёныя" раздумаліся і падтрымалі ініцыятыву пасля саступак ім

Першапачаткова “зялёныя”, чыя падтрымка патрабавалася для атрымання дзвюх трацін галасоў у бундэстагу, выказваліся супраць ініцыятывы кансерватараў і сацыял-дэмакратаў аб унясенні паправак да Асноўнага закону Нямеччыны. Сустаршыня парламенцкай фракцыі "Унія-90"/"зялёныя" Катарына Дроге (Katharina Dröge) тады назвала прапановы будучага канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мерца "неадпаведнымі".

Аднак напярэдадні Мерц заявіў, што гатовы да саступак “зялёным”, якія сыходзяць у апазіцыю і выказваюць пярэчанні супраць планаў будучай урадавай кааліцыі. Апошняе скліканне бундэстага прагаласуе па законапраекце аб унясенні папраўкі ў канстытуцыю ФРГ 18 сакавіка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках