Прэзідэнт Украіны: Пуцін спрабуе заблакаваць пагадненне аб замірэнні
5- 14.03.2025, 20:33
- 2,884

Расейскі дыктатар робіць усё магчымае, каб сабатаваць дыпламатыю.
Расейскаму дыктатару Пуціну напраўду не трэба ніякага замірэння, а наадварот - ён імкнецца прадоўжыць вайну. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у Telegram.
- Учора мы пачулі заявы Пуціна - ён высоўвае некаторыя ўмовы, якія выразна паказваюць: ён не жадае ніякага спынення агню. Яму патрэбна вайна - гэта заўсёды было відавочным, і гэта відавочна цяпер, - перакананы Зяленскі.
Як падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы, «Пуцін хлусіць аб рэальнай сітуацыі на полі бою, ён хлусіць аб стратах, ён хлусіць аб сапраўдным стане сваёй эканомікі, якая пацярпела ад яго недарэчных імперскіх амбіцый, і ён робіць усё магчымае, каб дыпламатыя пацярпела няўдачу».
Як адзначае Зяленскі, «Пуцін не можа выйсці з гэтай вайны, таму што тады ён застанецца ні з чым».
У сувязі з гэтым, на думку прэзідэнта Украіны, менавіта таму расейскі дыктатар "цяпер робіць усё магчымае, каб сабатаваць дыпламатыю, выстаўляючы надзвычай складаныя і непрымальныя ўмовы з самага пачатку, яшчэ да спынення агню".
«Пуцін паспрабуе ўцягнуць усіх у бясконцыя дыскусіі гэтак жа, як ён гэта зрабіў з «Менскам», марнуючы дні, тыдні і месяцы на бессэнсоўныя перамовы, пакуль ягоная зброя працягвае забіваць людзей. Кожная ўмова, якую выстаўляе Пуцін, - гэта толькі спроба заблакаваць усялякую дыпламатыю. Вось як працуе Расея. І мы папярэджвалі пра гэта», - канстатуе Зяленскі.
Як адзначыў прэзідэнт Украіны, амерыканская старана прапанавалаў пачаць шлях да міру з безумоўнага спынення агню.
«Затым, у перыяд цішыні, мы маглі б падрыхтаваць надзейны мірны план, пакласці яго на стол, абмеркаваць дэталі і рэалізаваць яго», – запэўнівае Зяленскі.
Ён падкрэслівае, што Украіна гатовая.
«Мы думаем, што адказнасць нашых партнёраў ў тым, каб забяспечыць гатоўнасць Расеі спыніць вайну – не шукаць прычын, каб яна працягвалася яшчэ тыдні, месяцы ці гады, а пакласці ёй канец», – дадаў Зяленскі.
З ягонага пераканання, Пуцін сам вайну не закончыць.
«Але сілы Амерыкі дастаткова, каб прымусіць яго гэта зрабіць. Патрэбны моцныя крокі. Патрэбны моцны ціск на адзінага, хто хоча працягваць гэтую вайну», - заявіў Зяленскі.
Паводле яго слоў, менавіта гэта азначае «мір дзякуючы сіле».