Супрацоўнікам БМЗ не выдалі заробак
24- 15.03.2025, 13:00
- 9,380

Пасля паведамлення дырэктара прадпрыемства пра «няпростую сітуацыю».
Супрацоўнікі Беларускага металургічнага завода спадзяваліся атрымаць заробак 14 сакавіка. Аднак заводская адміністрацыя паведаміла, што выплаты будуць зробленыя толькі праз чатыры дні – у аўторак 18-га.
Пра гэта стала вядома «Флагштоку» ад супрацоўніка прадпрыемства.
Фармальна адміністрацыя завода не дапусціла парушэнні, бо ў адпаведнасці з калектыўнай дамовай выплаты павінны быць зробленыя да 25-га. На практыцы такая затрымка стварыла праблему для многіх супрацоўнікаў, бо менавіта 14-га дня кожнага месяца на БМЗ выплачваліся заробкі цягам 2024–2025 гадоў. Персанал завода спадзяваўся на атрыманне выплаты ў гэтую дату.
Збой выплатаў адбыўся на фоне змены кан'юнктуры рынку металапракату. Пасля падзення вытворчасці сталі ў Расеі на 5,6 адсотка БМЗ, наадварот, павялічыў яго ў 2024 годзе на 2 адсоткі. Павялічвалі вытворчасць і ў студзені – лютым.
Аднак ужо ў сакавіку 2025 года прадпрыемству давялося знізіць вытворчасць, «каб забяспечыць на належным узроўні эканоміку прадпрыемства», пра гэта паведаміў дырэктар БМЗ Дзмітрый Корчык. Акрамя таго, ён адзначыў, што цяпер завод рэалізуе «маштабны комплекс захадаў у скарачэнні затратаў, ідзе пошук спосабаў зніжэння сабекошту прадукцыі».