Стармер: Не дазваляйце Пуціну «гуляць у гульні»
2- 15.03.2025, 14:22
- 3,430

Брытанія правядзе сустрэчу «кааліцыі добраахвотных».
Кіраўніку Расеі Уладзіміру Пуціну нельга дазваляць «гуляць у гульні» ў дачыненні да прапановы аб спыненні агню ва Украіне, якую падтрымлівае ЗША, заявіў прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер перад важным самітам еўрапейскіх лідараў, паведамляе CNN.
У суботу Стармер правядзе сустрэчу «кааліцыі добраахвотных» – групы заходніх краінаў, якія паабяцалі дапамагчы Украіне абараніць сябе ад расейскай агрэсіі на фоне памяншэння і нявызначанай падтрымкі з боку Вашынгтона.
Пасля таго як Кіеў на гэтым тыдні прыняў умовы 30-дзённага спынення агню ва Украіне, ухваленыя прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, адказ Масквы быў неадназначным: Пуцін заявіў, што «мы згодныя з прапановай», але дадаў, што пагадненне «не было закончаным».
Перад суботнім віртуальным самітам Стармер абвінаваціў Пуціна ў «спробе адтэрмінаваць» пагадненне аб спыненні агню, заявіўшы, што «свет павінен убачыць дзеянні, а не даследаванні ці пустыя словы і бессэнсоўныя ўмовы».
«Мы не можам дазволіць прэзідэнту Пуціну гуляць у гульні з пагадненнем прэзідэнта Трампа. Поўнае ігнараванне Крамлём прапановы прэзідэнта Трампа аб спыненні агню толькі дэманструе, што Пуцін несур'ёзна ставіцца да міру», – сказаў ён.
Падчас суботніх перамоваў Стармер плануе ціснуць на еўрапейскіх хаўруснікаў і хаўруснікаў у NATO, каб «узмацніць эканамічны ціск на Расею» і «прымусіць» Пуціна да перамоваў, як заявілі на Даўнінг-стрыт. Чакаецца, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведае пасяджэнне «кааліцыі добраахвотных», – агульны тэрмін, які Стармер выкарыстаў для краінаў, якія хочуць абараніць пагадненне Украінв і гарантаваць мір пасля трох гадоў вайны.
Рэклама
Кааліцыя ўключае 25 краінаў, сярод якіх еўрапейскія дзяржавы, Камісія ЕЗ, NATO, Канада, Украіна, Аўстралія і Новая Зеландыя.
Стармер будзе заклікаць хаўруснікаў «быць гатовымі падтрымліваць справядлівы і трывалы мір ва Украіне ў доўгатэрміновай перспектыве і прадаўжаць нарошчваць нашу ваенную падтрымку Украіне, каб абараніць сябе ад росту нападаў Расеі», – заявілі на Даўнінг-стрыт.
Каб дасягнуць гэтага, еўрапейскія краіны павінны «быць гатовыя сачыць за спыненнем агню, каб забяспечыць» мір, сказаў Стармер.
Хоць Еўропа прадэманстравала значнае адзінства на фоне ўдараў, якія адміністрацыя Трампа нанесла трансатлантычнаму альянсу, застаюцца рознагалоссі датычна таго, ці гатовыя асобныя еўрапейскія краіны разгарнуць войскі ва Украіне для падтрымання міру.
Трамп заявіў у пятніцу, што атрымаў «даволі добрыя навіны» пра магчымае спыненне агню паміж Расеяй і Украінай, не ўдаючыся ў падрабязнасці, і што ягоная адміністрацыя правяла «вельмі добрыя размовы» з абедзвюма краінамі раней у той самы дзень. У асобнай публікацыі на Truth Social Трамп сказаў, што «існуе вельмі добры шанец, што гэтая жудасная, крывавая вайна нарэшце закончыцца».
У інтэрв'ю, запісаным у чацвер, ён сказаў, што ягоная адміністрацыя даведаецца «крыху больш у панядзелак».