Спецпасланнік Пуціна прапанаваў Маску арганізаваць сумесную місію на Марс
11- 15.03.2025, 16:07
- 1,864

У канцы 2026 года кампанія SpaceX адправіць на Марс карабель Starship з робатам Optimus.
Спецпрадстаўнік расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў знешнеэканамічным супрацоўніцтве Кірыл Дзмітрыеў, які браў удзел у перамовах з прадстаўнікамі ЗША ў Савудаўскай Арабіі 18 лютага, прапанаваў амерыканскаму мільярдэру Ілану Маску арганізаваць сумесную місію Расеі і ЗША на Марс у 2029 годзе. Аб гэтым ён напісаў у сацсетцы Х у суботу, 15 сакавіка.
Ён указаў, што ў 2025 годзе споўніцца 50 гадоў з дня першага міжнароднага палёту ў космас - місіі Апалон - Саюз, ажыццёўленай у ліпені 1975 года.
«2029 год - год сумеснай місіі ЗША і Расеі на Марс, Ілан Маск? Нашы розумы і тэхналогіі павінны служыць славе чалавецтва, а не яго знішчэнню», - напісаў Дзмітрыеў у Х.
Ён перадрукаваў паведамленне Маска аб тым, што ў канцы 2026 года кампанія SpaceX адправіць на Марс карабель Starship з робатам Optimus. Калі пасадка пройдзе паспяхова, то высадка людзей на гэту планету, са слоў Маска, можа пачацца ўжо ў 2029 годзе, хаця больш імавернай датай можа стаць 2031 год.
Кампанія Маска SpaceX, якая разглядае Starship як транспартны сродак, які дапаможа засяліць Месяц і Марс, у 2023 годзе праводзіла два выпрабавальныя палёты, абодва з якіх скончыліся выбухамі. У сакавіку 2024 года адбыўся трэці запуск, палёт ракеты доўжыўся 50 хвілін і завяршыўся тым, што карабель распаўся на часці пры вяртанні ў атмасферу Зямлі. У чэрвені падчас чацвёртага тэставага палёту SpaceX упершыню ўдалося вярнуць ракету пасля запуску, яна села ў Мексіканскім заліве. Яшчэ адзін запуск адбыўся ў кастрычніку, тады кампанія змагла паспяхова злавіць першую прыступку ракеты-носьбіта Super Heavy з дапамогай стартавай вежы. Шосты палёт прайшоў у прысутнасці прэзідэнта ЗША Трампа ў лістападзе 2024-га. Падчас сёмага і восьмага палётаў SpaceX страціла верхнюю прыступку, але злавіла гіганцкі паскаральнік Super Heavy на зямлі.