Мэркель заявіла аб замілаванні Трампа Расеяй
21- 15.03.2025, 21:13
- 6,914

Пры гэтым экс-канцлер ФРГ падкрэсліла, што прэзідэнт ЗША не будзе аказваць Расеі "якія-небудзь паслугі".
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зачараваны Расеяй як магутнай і аўтарытарнай дзяржавай, заявіла былая канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель у інтэрв'ю газеце Berliner Zeitung.
Так яна адказала на пытанне журналістаў аб падабенстве Трампа і расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.
«Расея - велізарная краіна з мноствам прыродных рэсурсаў, магутная ядзерная дзяржава з аўтарытарным прэзідэнтам. І ў такога чалавека, як Дональд Трамп, гэтая краіна відавочна выклікае пэўнае замілаванне», — сказала Мэркель.
Экс-канцлерка падкрэсліла, што Трамп не будзе аказваць Расеі "якія-небудзь паслугі". У першую чаргу рэспубліканца хвалююць інтарэсы ўласнай краіны і планы зрабіць Амерыку "зноў вялікай", адзначыла Мэркель.
На думку палітыка, у Пуціна і Трампа няма падобных рыс. Расейскі дыктатар "хоча прызнання, асабліва з боку Амерыкі", уважае Мэркель. Гэты лад мыслення, з ейных слоў, бярэ пачатак з часоў халоднай вайны. «Для яго значнымі сіламі з'яўляюцца не Нямеччына і не ЕЗ, а сапраўды вялікая дзяржава - Злучаныя Штаты Амерыкі. Яны былі і застаюцца яго пунктам адліку», - уважае яна.