Касы самаабслугоўвання сталі патрабаваць ад беларусаў сканаваць адразу па два коды
2- 15.03.2025, 21:26
- 4,654

Трэба сканаваць не толькі стандартны крэска-код, але і QR-код.
Касы самаабслугоўвання ў гандлёвай сетцы «Еўраопт» для многіх пакупнікоў сталі ўжо звыклымі і простымі ў абыходжанні. Аднак нядаўна некаторыя менчукі маглі заўважыць новаўвядзенне як мінімум у адным з гіпермаркетаў. Для таго каб дадаць тавар у кошык, зараз патрабуецца сканаваць не толькі стандартны крэска-код, але і QR-код. Журналістка Telegraf.news патэлефанавала ў адну з крамаў як пакупнік, каб даведацца, з чым звязаныя змены ў працы кас самаабслугоўвання і як паскорыць працэс пакупкі тавару.
Новаўвядзенне заўважыў журналіст Telegraf.news у гіпермаркеце сеткі "Еўраопт" на вуліцы Мантажнікаў у Менску. Пры спробе адсканаваць тавар на касе самаабслугоўвання праграма запатрабавала не толькі штрых-код, але і QR-код з пакавання.
Каб дадаць тавар у кошык, давялося сканаваць яго два разы, а часам і тры разы. Справа ў тым, што на некаторых прадуктах было некалькі QR-кодаў, і не ўсе яны падыходзілі для аплаты.
Акрамя таго, калі спачатку адсканаваць крэска-код, праграма запытвала QR-код, а калі пачаць з QR-кода – патрабаваўся крэска-код.
Сярод тавараў, для якіх спатрэбілася падвойнае сканаванне, аказаліся сок, сыр, малако і кава.
Каб высветліць прычыну змен, Telegraf.news звярнуўся на гарачую лінію "Еўраопта". Аднак там не змаглі даць тлумачэнні і параілі звязацца з канкрэтнай крамай, дзе заўважылі новаўвядзенне.
Чаму тавар на касе самаабслугоўвання трэба сканаваць некалькі разоў?
Супрацоўнікі сталічнага гіпермаркета "Еўраопт" растлумачылі, што дакладныя прычыны новаўвядзення невядомыя. З іх слоў, гэта тэставанне новай функцыі ў рамках ужо існуючай праграмы, якое праводзіцца ва ўсёй гандлёвай сетцы.
«Мы ўжо ўсе так пакутуем. Адзінае, што магу вам падказаць, прабівайце не крэска-код, а адразу QR-код. Вы прабіваеце QR-код і крэска-код ён не запытвае. Калі вы купляеце некалькі аднолькавых слоічкаў, вы не зможаце, як раней, дадаць колькасць, паставіць тры. Давядзецца сканаваць па адным слоічку. Але з QR-кодам праходзіць адразу», - растлумачыла супрацоўніца.
Дарэчы, калі журналіст Telegraf.news спрабаваў стратэгію "сканаваць толькі QR-код", яна не спрацавала. Аднак не выключана, што з моманту тэставання нешта магло змяніцца.
Супрацоўніца таксама ўдакладніла, што новаўвядзенне датычыцца не ўсіх тавараў, а толькі асобных катэгорый - малочных прадуктаў і напояў.
Як доўга будзе праходзіць тэставы перыяд і ці будзе новаўвядзенне ўведзена на пастаяннай аснове, у краме не ведаюць.
Навошта на таварах QR-коды?
З'яўленне QR-кодаў на шматлікіх таварах і прадуктах харчавання маглі заўважыць многія беларусы. Гэтая налепка называецца DataMatrix, і яна ўяўляе сабой свайго роду лічбавы пашпарт тавару. У ёй зашыфраваная ўся інфармацыя аб прадукце: дзе і калі ён зроблены, які ў яго тэрмін прыдатнасці, хто вытворца, адкуль ён прыехаў у краму і да таго падобнае.
Як раней расказвалі спецыялісты выдавецтва "Белбланкавыд", якія займаюцца стварэннем кодаў DataMatrix, іх прысутнасць на таварах неабходна для таго, каб змагацца з няякаснымі таварамі і інфармаваць пакупнікоў аб паходжанні тавару.