«Нічога не разумею»: запрошаная з Расеі акторка расказала пра беларускую мову
29- 16.03.2025, 10:04
- 16,606

Расейку ўзялі ў Купалаўскі тэатр пасля звальнення беларусаў на знак пратэсту.
Расейская актрыса Ганна Мешчаракова, якая працуе ў Купалаўскім тэатры з 2022 года, узгадала, як прыехала ў Менск без ведання беларускай мовы. Пра гэта яна расказала дзяржаўнаму агенцтву «Минск-новости».

- Першым спектаклем была «Паўлінка». Сяджу і разумею, што нічога не разумею... А наперадзе праца над «Рамэа і Джульетай»... Супакойвала сябе: пройдзе час і буду пра гэта ўспамінаць з усмешкай, настройвала сябе, што прайду выпрабаванне і спраўлюся. І калі пераадолела мяжу, падумала: гэта мая ўласная перамога. Я не проста зазубрыла словы, я нясу эмоцыі. Неймаверныя адчуванні! Гэта велізарны крок наперад, - заявіла Мешчаракова.
Актрыса нарадзілася ў Маскве ў 2000 годзе, скончыла мясцовы Інстытут сучаснага мастацтва. Пераехала ў Менск, да гэтага ніколі не бывала ў нашым горадзе і не ведала беларускай мовы.

Нагадаем, летам 2020 года большая частка трупы звольнілася з Купалаўскага на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Працу адміністрацыя змагла аднавіць толькі ў сакавіку 2021 года. За мінулыя з таго моманту тры гады новае кіраўніцтва так і не змагло набраць дастатковую колькасць новых актораў, а таму запрасіла іх з Расеі.