Колькасць амерыканскіх добраахвотнікаў ва УСУ павялічылася праз заявы Трампа
2- 16.03.2025, 13:58
- 7,604

«Не могуць проста сядзець і назіраць за несправядлівасцю».
Пасля прыходу да ўлады ў ЗША новага прэзідэнта Дональда Трампа, шэрагу яго заяў наконт расейска-ўкраінскай вайны і скандалу з прэзідэнтам Украіны ў Авальным кабінеце ўзрасла колькасць замежных добраахвотнікаў ва ўкраінскім войску. Цяпер назіраецца ўсплёск ахвочых падпісаць кантракт з УСУ.
Самі замежнікі прызнаюцца: не могуць проста сядзець і назіраць за несправядлівасцю. Аб гэтым паведамляе выданне Kyiv Independent.
Журналісты пагутарылі з вярбоўшчыкам аднаго з самых элітных падраздзяленняў Сіл абароны, якія прымаюць замежных добраахвотнікаў. З яго слоў, колькасць заявак пасля спрэчкі ў Авальным кабінеце вырасла на некалькі тысяч.
Пры гэтым, піша выданне, большасць добраахвотнікаў прынялі гэтую пастанову не толькі праз абурэнне амерыканскай палітыкай, але і з прычыны разумення таго, што Украіне патрэбныя людзі і зброя для спынення расейскага войска.
Сярод былых амерыканскіх вайскоўцаў некаторая частка выказала жаданне па заканчэнні кантракту з войскам ЗША далучыцца да шэрагаў Інтэрнацыянальнага легіёна Украіны.
Зрэшты, журналісты Kyiv Independent пагутарылі з 25-гадовым артылерыстам, ветэранам войска ЗША, які прыбыў ва Украіну пасля заканчэння ўласнага кантракта.
«Непрыемна сядзець і нічога не рабіць, калі ведаеш, што можаш зрабіць нешта правільна», - сказаў вайсковец Уільям.
Ён прызнаўся, што для яго вызначальнай у прыняцці пастановы далучыцца да ўкраінскага войска стала сустрэча Трампа, яго віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса і прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў Авальным кабінеце 28 лютага.
Іншы ветэран войска ЗША, Рон з Каларада, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане, таксама выявіў жаданне далучыцца да шэрагаў Сіл абароны. Ён адзначыў, што адчувае сорам за цяперашнюю палітыку ЗША ў дачыненні да Украіны, таму самастойна захацеў зрабіць тое, што можа.
«Для мяне гэта абсалютны сорам. Я проста не магу больш сядзець збоку і глядзець, як гэта адбываецца, асабліва калі народ Украіны такі страшэнна адважны і робіць такую выдатную працу з тым абмежаваным узбраеннем, якое мы ім далі», - адзначыў Рон.
Яшчэ адным добраахвотнікам стаў 40-гадовы мужчына, які назваўся Esquire. Ён не служыў у войску, мае жонку і дваіх дзяцей. Калі яго спыталі, што менавіта для яго стала матывам далучыцца да Сілаў абароны, ён адказаў: «Я адчуваю сябе адданым, мне дрэнна, і здаецца, што мая краіна ўжо не такая, якой я яе ўяўляў».