Менскага бяздомнага будуць судзіць за «сеанс экзарцызму»
3- 17.03.2025, 10:11
- 2,738

Ён праганяў чорта з чужога аўтамабіля і пашкодзіў кузаў.
У суд перададзеная крымінальная справа 49-гадовага раней неаднаразова судзімага валацугу, якога абвінавачваюць у хуліганстве. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на пракуратуру Фрунзенскага раёна.
Са звестак следства, абвінавачаны сабраў металалом і здаў яго ў пункт прыёму другаснай сыравіны. На атрыманыя грошы ён купіў дзве бутэлькі віна, пасля чаго адправіўся распіваць алкаголь каля смеццевых кантэйнераў у двары на вуліцы Янкоўскага.
Падчас распівання спіртнога бяздомнаму здалося, што ў прыпаркаваным недалёка аўтамабілі Geely Atlas сядзіць чорт. Надумаўшы яго выгнаць, мужчына схапіў пустую шкляную бутэльку і двойчы ўдарыў ёю па пярэдніх правах дзвярах аўтамабіля. У выніку было разбітае шкло і пашкоджаны кузаў аўтамабіля.
Відавочцы затрымалі парушальніка і перадалі яго патрулю міліцыі. Пацярпелы ацаніў шкоду на 400 рублёў.
- Абвінавачаны не мае пастаяннага месца жыхарства, афіцыйна нідзе не працаўладкаваны, раней 12 разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, 11 з якіх - за маёмасныя злачынствы, - паведаміў намеснік пракурора Фрунзенскага раёна Андрэй Сярбун.
Мужчыну выстаўленае абвінавачанне ў наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і суправаджаюцца пашкоджаннем чужой маёмасці. Ягоныя дзеянні кваліфікуюцца на падставе ч. 1 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь (Хуліганства). Мужчына прызнаў віну поўнасцю, але шкоду пацярпеламу не кампенсаваў.