17 сакавiка 2025, панядзелак, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ва Украіны з'явіўся найсур'ёзнейшы контраргумент»

1
«Ва Украіны з'явіўся найсур'ёзнейшы контраргумент»
Аляксандр Каваленка

«Доўгі Нэптун» можа стаць вялікай праблемай для Расеі.

Выданне Forbes піша, што Украіна паспяхова выпрабавала сваю новую ракету «Доўгі Нэптун». Нібыта быў пашкоджаны расейскі НПЗ у Туапсэ.

Чым унікальная новая ўкраінская распрацоўка? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім вайскова-палітычным аглядальнікам групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандрам Каваленкам:

- Гэтая ракета распрацоўвалася з 2014-га года для замены савецкага «Рубежа». «Рубеж» - гэта берагавы супрацькарабельны ракетны комплекс, які заставаўся пасля распаду СССР на ўзбраенні ва Украіны, пакуль у 2014-м годзе Расея не пачала працэс акупацыі паўвострава Крым, дзе ў асноўным былі сканцэнтраваныя гэтыя комплексы. Расея іх захапіла.

У нас жа асаблівага прасоўвання ў распрацоўцы нацыянальнага супрацькарабельнага ракетнага комплексу не было ў часы Краўчука, Кучмы, Юшчанкі. Гэта была сур'ёзная праблема.

Тады ж, у 2014-м, пачалася распрацоўка «Нэптуна» і непасрэдна ракеты Р-360 для яго. Да 2019-га года ён прайшоў поўны цыкл выпрабаванняў, але масавая серыйная вытворчасць чамусьці (мне асабіста прычына невядомая) не была запушчаная.

Калі ж у 2022-м пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, то гэты комплекс спатрэбіўся ў тых невялікіх колькасцях, якія ў нас былі на ўзбраенні.

На сёння ракета Р360 працягвае працэс сваёй мадэрнізацыі. Справа ў тым, што калі распрацоўваўся гэты комплекс, у яго закладваўся вялікі патэнцыял шматфункцыянальнага выкарыстання і далейшага развіцця яго характарыстык. Гэта не проста сухаземная пускавая ўстаноўка, якая знаходзіцца на зямлі і знішчае надводныя цэлі, а гэтыя комплексы маглі быць усталяваныя на марскіх носьбітах, баявых караблях, авіяцыйных носьбітах (самалётах да ўзроўню знішчальніка).

У характарыстыкі закладвалася тое, што ён можа павялічваць па меры свайго ўдасканалення далёкасць знішчэння цэлі. На 2022 год далёкасць знішчэння цэлі складала 280 кіламетраў, але пры стварэнні закладваўся запас да 500 км. Развіццё змагло дайсці да 1000 кіламетраў, нават больш. То бок, гэта паўнавартасная крылатая ракета.

Іншы момант - нізкая вышыня палёту. Ракеты гэтага комплексу выкарыстоўваліся на звышнізкіх вышынях. Ракета Р-360 можа знішчаць цэлі на вышыні 3 метраў ад паверхні зямлі. Калі яна заходзіць на цэль на такой вышыні, то гэта вельмі ўскладняе магчымасць перахопу такой ракеты сродкамі СПА.

Ракетны крэйсер «Масква», знішчаны «Нэптунам», быў для Расеі флоцкай сістэмай СПА на Чорным моры. Гэта адзін з нямногіх комплексаў, які меў на сваім узбраенні С-300Ф. Нагадаю, што «Масква» была знішчаная дзвюма ракетамі Р-360.

Прарыў гэтай сістэмы выявіўся максімальна ўдалым. У гэтым і ёсць ключавая асаблівасць Р-360 - яна на звышнізкіх вышынях можа прарываць сістэмы СПА, сканцэнтраваныя менавіта на перахопе цэляў на звышнізкіх вышынях.

Расейскі комплекс С-400, які заяўлены комплексам, які можа перахапляць цэлі на вышынях 5 метраў ад паверхні зямлі, быў знішчаны ў 2023 годзе на мысе Тарханкут ракетай Р-360. Гэта пацвердзіла тое, што гэтыя ракеты не толькі шматфункцыянальныя, але і могуць выкарыстоўвацца як па марскіх цэлях, як супрацькарабельныя ракета, так і па сухаземных з абгінаннем рэльефу.

Цяпер, думаю, ідзе працэс паспяховых выпрабаванняў ракет Р-360 з улікам вялікіх адлегласцяў больш чым 500 км.

- Ці можна паставіць яе вытворчасць на прамысловы маштаб?

- Так, вядома, гэтая магчымасць ёсць. Магу сказаць, што ў адкрытых крыніцах гэта не агучваецца, але гэтая ракета з'яўляецца істотным элементам уплыву на Расею. Такім контраргументам расейскім ракетным ударам па тэрыторыі Украіны. Кіеў якраз і зацікаўлены ў тым, каб пачалася яе серыйную вытворчасць.

Падкрэслю, мы можам выйсці на серыйную вытворчасць у дастаткова сур'ёзных маштабах, што для Расеі можа стаць найсур'ёзнейшым контраргументам.

- Якія новыя цэлі можа атакаваць «Доўгі Нэптун»?

- Мне невядомыя яго дакладныя характарыстыкі. Прэзідэнт Украіны сказаў, што гэта 1000 км. Вось усё, што ад межаў Украіны на глыбіню тэрыторыі Расеі знаходзіцца на 1000 км, можа атакаваць «Нэптун». Усё проста.

Гэта могуць быць нафтаперапрацоўчыя заводы, транспартныя вузлы, вайсковыя часці, склады з боепрыпасамі, аэрадромы, базы складавання тэхнікі. Кожны аб'ект, які мае тое ці іншае дачыненне да пагроз Украіне.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках