«Берасцейскае піва» збанкрутавала паводле заявы падатковай
10- 17.03.2025, 17:54
- 1,494

Прадпрыемства цягам трох гадоў працавала са стратай.
Адметна, што гэта не першая працэдура банкруцтва для «Берасцейскага піва». Так, прадпрыемства знаходзілася ў санацыі з 2014 года, пакуль у жніўні 2020-га яго не набыла структура Multi Group армянскага бізнэсоўца Гагіка Царукяна, піша officelife.media.
Тады група атрымала 89,73% акцый берасцейскага завода за 6,6 млн рублёў. Акрамя таго, паводле ўмоў угоды інвестар павінен быў цягам 10 гадоў укласці ў прадпрыемства не менш як 25 млн рублёў. Сродкі планавалі накіраваць на мадэрнізацыю вытворчасці, а таксама на папаўненне абаротных сродкаў.
У лістападзе 2022 года «Берасцейскае піва» запусціла новую лінію па разліву безалкагольных і энэргетычных напояў і ўклала кантракт з расейскай кампаніяй на іх разліў пад яе брэндамі.
Нягледзячы на гэта, прадпрыемства так і не змагло стаць прыбытковым. Паводле звестак адзінага партала фінансавага рынку, у 2023 годзе «Берасцейскае піва» спрацавала са стратай на 5,43 млн рублёў. Характэрна, што яе сума выявілася меншай, чым годам раней, калі страта прадпрыемства склала 7,9 млн рублёў. Таксама за пару гадоў у прадпрыемства чатыры разы мяняўся дырэктар.
У пачатку 2024 года «Вечерний Брест» пісаў са спасылкай на кіраўніка горада Сяргея Лабадзінскага, што неаднаразовыя запэўненні аб вясёлкавых перспектывах не рэалізуюцца.
Ужо ў красавіку 2024 года «Берасцейскае піва» пачало шукаць новага інвестара ў Расеі і апублікавала рэкламнае інтэрв'ю з тагачасным дырэктарам прадпрыемства Яраславам Трабухом. Патэнцыйным інвестарам прапаноўвалі стварыць на базе завода «кластар нацыянальных напояў высокай якасці». Тады патэнцыял кошту новага актыву ацэньваўся на $100 млн, а інвестару абяцалі выхад на чысты прыбытак у суме $30 млн на год. Суму інвестыцый ацэньвалі на $150 млн зыходзячы з кошту аналагічных праектаў канкурэнтаў.
У ліпені 2024 года «Берасцейскае піва» зацікавіла расейскага бізнэсоўца і дэвелапера Андрэя Кавалёва. Ён хацеў набыць 50% долі ў прадпрыемстве і планаваў пашырыць лінейку прадукцыі берасцейскага піўкамбіната півам пад уласнымі гандлёвымі маркамі: «Грэбнеўскае» і «Кавалёўскае». Ці адбылася ўгода, не паведамляецца. Office Life адправіў запыт бізнэсоўцу, але так і не атрымаў каментар.
У выніку 17 сакавіка 2025 года Эканамічны суд Берасцейскай вобласці распачаў справу аб чарговым банкруцтве «Берасцейскага піва». Заяву аб яго банкруцтве падала інспекцыя Міністэрства падаткаў і збораў Ленінскага раёна Берасця.
Паводле звестак ведамства, прадпрыемства тры гады працавала са стратай, а аб'ём існых грашовых паступленняў не дае магчымасці ва ўстаноўленыя тэрміны выканаць абавязацельствы ў выплатах у бюджэт, а таксама выканаць іншыя аплатныя абавязацельствы. Пры гэтым агульная запазычанасць «Берасцейскага піва» перад бюджэтам складае блізу 6,5 млн рублёў.