У Паўночнай Македоніі тысячы людзей выйшлі на пратэст
- 17.03.2025, 18:37
- 4,874

Прычынай стала адна з самых страшных трагедый у краіне за апошнія гады.
У Паўночнай Македоніі тысячы людзей выйшлі ў панядзелак на акцыю, патрабуючы справядлівасці для 59 ахвяр пажару, які ўспыхнуў у адным з начных клубаў горада Качаны, паведамляе Reuters.
Удзельнікі акцыі патрабавалі пакласці канец карупцыі, якая, паводле іх меркавання, стала прычынай адной з самых страшных трагедый у краіне за апошнія гады.
«Я хачу, каб усе, хто дапамагаў гэтаму месцу працягваць сваю дзейнасць, былі пасаджаныя ў турму. Нам патрэбныя змены, бо гэта карумпаваная краіна», - сказаў 16-гадовы Ёван, які распавёў, што страціў сябра падчас пажару.
Акцыя сабралася на цэнтральнай плошчы горада Качаны. Людзі абдымаліся і плакалі, станавіліся ў чаргу, каб запаліць свечкі ў памяць аб загінулых і напісаць словы спачування.

Некаторыя трымалі плакаты з надпісамі: «Мы паміраем не ад няшчасных выпадкаў, мы паміраем ад карупцыі» і «Тут усё законна, калі ў вас ёсць сувязі».

На кароткі час успыхнуў гвалт, калі група людзей разбіла камянямі вокны паба, якім, са слоў трох пратэстоўцаў, кіраваў той жа чалавек, што і быў уладальнікам начнога клуба, дзе адбыўся пажар.
У сталіцы Паўночнай Македоніі Скоп'і сотні людзей сабраліся на пікет у цэнтры горада.
Нагадаем, трагедыя ў горадзе Качаны здарылася блізу 03:00 у ноч на 16 сакавіка. Папярэдняй прычынай пажару называюць выкарыстанне піратэхнікі.
Паводле апошніх звестках, ахвярамі пажару сталі 59 чалавек.