Беларуса пазбавілі прэміі за адмову ўдзельнічаць у конкурсе
6- 17.03.2025, 20:15
- 6,904

Працадаўца ўпіраў на тое, што гэта працоўны абавязак.
Майстар вытворчага навучання адной з навучальных установаў Берасцейскай вобласці адмовіўся ўдзельнічаць у конкурсе, за што яго пазбавілі прэміі. Працадаўца настойваў, што ён не выканаў працоўныя абавязкі, але ў прафзвязнай арганізацыі патлумачылі, што адміністрацыя паступіла не паводле закону.
Наймальнік абгрунтаваў пазбаўленне супрацоўніка прэміі тым, што ён нібыта парушыў працоўныя абавязкі, адмовіўшыся ўдзельнічаць у конкурсе.
Згодна з заканадаўствам, за невыкананне працоўных абавязкаў сапраўды можа надысці дысцыплінарная адказнасць. Аднак узнікла пытанне: ці з'яўляецца ўдзел у конкурсе часткай працоўных абавязкаў?
Прававая інспектарка працы Берасцейскай абласной арганізацыі прафзвязу «БЕЛПРАФМАШ» Алеся Козак патлумачыла, што парушэнне працоўных абавязкаў – гэта невыкананне заканадаўства, правілаў унутранага працоўнага распарадку, умоваў працоўнай дамовы, службовых інструкцый, загадаў працадаўцы ды іншых нарматыўных дакументаў.
Аднак удзел у конкурсе не адносіцца да працоўных абавязкаў – гэта ўважаецца за грамадскае даручэнне. Калі супрацоўнік адмаўляецца выконваць задачы, якія не ўваходзяць у ягоныя службовыя абавязкі, або адмаўляецца ад грамадскіх даручэнняў, караць яго за гэта нельга, а ўжываць дысцыплінарнае спагнанне – неправамерна.
У выніку загад аб пазбаўленні майстра прэміі быў прызнаны незаконным і скасаваны. Працаўніку вярнулі ўтрыманую суму.