Мэсі не трапіў у заяўку каманды Аргенціны на матчы адбору да ЧС-2026
1- 17.03.2025, 21:52
- 1,126

Форвард прапусціць матчы з Уругваем і Бразіліяй.
Нападнік Ліянэль Мэсі не трапіў у канчатковы склад каманды Аргенціны на матчы адборачнага турніру чэмпіянату свету 2026 года, паведаміла прэс-служба каманды.
Мэсі ў пачатку сакавіка ўключылі ў пашыраны склад з 33 гульцоў.
Пры гэтым 37-гадовы форвард у сакавіку прапусціў тры матчы «Інтэр Маямі». У каманды быў шчыльны каляндар на старце новага сезону MLS, і ў клубе пастанавілі паберагчы Мэсі ў сувязі з перагрузкамі, якія маглі прывесці да траўмы.
Мэсі пасля паўзы вярнуўся на поле 14 сакавіка, а згуляў усе 90 хвілінаў толькі ў ноч на панядзелак у сустрэчы MLS супраць «Атланты», забіўшы гол (2:1).
Галоўны трэнер «Інтэр Маямі» Хаўер Маскерана казаў, што клубныя лекары ўвесь час кантактуюць з калегамі каманды Аргенціны з нагоды стану Мэсі, піша ESPN.
Каманда Аргенціны ўзначальвае турнірную табліцу ў адборы на ЧС-2026 у Амерыканскай канфедэрацыі футболу (CONMEBOL). 22 сакавіка аргенцінцы згуляюць з Уругваем, а 26 сакавіка – з Бразіліяй.
Усяго Мэсі правёў 191 матч за нацыянальную каманду і забіў 112 мячоў.