Латвія абмяжуе працу пункта пропуску «Патэрніекі» з 19 сакавіка
- 18.03.2025, 16:51
- 2,230

Адпаведную пастанову прыняў сёння Кабінет міністраў Латвіі.
З серады, 19 сакавіка, кантрольны пункт латвійска-беларускай мяжы «Патэрніекі» і кантрольныя пункты латвійска-расейскай мяжы «Грэбнева» і «Церахава» будуць закрытыя для перасячэння пешаходамі. Пераадольваць мяжу можна будзе толькі на механічных транспартных сродках, гаворыцца ў пастанове Кабінета міністраў. Пастанова ўважаецца за прафілактычны захад, закліканы не дапусціць прытоку ў Латвію нелегальных мігрантаў, піша delfi.lv.
Нагадаем, што ў нядзелю, 16 сакавіка, каля памежнага пункта «Патэрніекі» была заўважаная група з прыкладна 30 чалавек, у якой дамінавалі мужчыны ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў. Узніклі падазрэнні, што праз мяжу паспрабуе прайсці вялікая група парушальнікаў. У выніку памежны пункт быў часова закрыты.
У панядзелак, 17 сакавіка, Дзяржаўная памежная ахова папрасіла Кабінет міністраў прыняць пастанову аб увядзенні часовых абмежаванняў на пераход мяжы не толькі праз «Патэрніекі», але і праз «Грэбнева» і «Церахава».
Гэтая пастанова і была зацверджаная ў аўторак, 18 сакавіка.
У анатацыі да праекту пастановы гаворыцца, што частковае закрыццё памежнага пункта неабходнае праз цяперашнюю геапалітычную сітуацыю, звязаную з ваеннымі дзеяннямі Расеі ва Украіне. Міністэрства ўнутраных спраў падкрэслівае неабходнасць узмацнення сістэмы аховы граніцы і павышэння эфектыўнасці арганізацыі пагранічнага кантролю ва ўказаных пунктах перасячэння граніцы.
«Развязаная Расеяй і вайна супраць Украіны, якая адкрыта падтрымліваецца Беларуссю, разглядаецца як фактар рызыкі і магчымая матывацыя для Расеі і Беларусі працягваць спробы дэстабілізаваць сітуацыю на мяжы з Латвіяй», — заяўляе МУС Латвіі, спасылаючыся таксама на досвед Фінляндыі ў пытанні закрыцця мяжы. Дарэчы, за кароткі перыяд быў зафіксаваны рост колькасці людзей, якія спрабавалі незаконна пераадолець мяжу Фінляндыі і Расеі на роварах і самакатах.
«Такім чынам, для Латвіі вельмі важна выконваць адзіную стратэгію ў пытанні эфектыўнасці арганізацыі пагранічнага кантролю на граніцах з Беларуссю і Расеяй, улічваючы, што Расея можа ўжываць тактыку гібрыднай вайны на граніцы з Фінляндыяй і паўтарыць сцэнарый міграцыйнага крызісу, які ўжо быў выкарыстаны на граніцы Беларусі з дзяржавамі-сябрамі Еўрапейскага Звязу», гаворыцца ў анатацыі.
На пасяджэнні ўрада міністр унутраных спраў Рыхардс Казлоўскіс («Новае Адзінства») адзначыў, што ўжо блізу тыдня на латвійска-беларускай мяжы назіраліся рухі, аналагічныя тым, што прывялі да пастановы Фінляндыі ўвогуле закрыць мяжу з Расеяй.
Прэм'ер-міністр Эвіка Сіліня («Новае Адзінства») падкрэсліла, што геаграфічнае становішча - суседства з Расеяй і Беларуссю - вымушае Латвію прымаць такія пастановы ў дачыненні да міграцыі.