Навукоўцы вызначылі магчымых сваячак Еўфрасінні Полацкай
4- 18.03.2025, 20:06
- 5,730

Як гэта магчыма.
Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку дазволілі вызначыць магчымых сваячак Еўфрасінні Полацкай.
Каля сценаў царквы археолагі знайшлі саркафаг з мноствам костак і некалькімі жаночымі чарапамі.
«Марфалогія іх паказала: гэтыя жанчыны не зусім падобныя на насельніцтва, пахаванае ля сценаў храма ў XVII–XVIII стагоддзях. Але тады ці магчыма датаваць чарапы XII стагоддзем? Каб было так, яны маглі належаць прадстаўнікам княжацкага роду Рагвалодавічаў – Рурыкавічаў... Гэта значыць, быць роднай крывёй для найпадобнейшай Еўфрасінні», – расказала антрапалагічка Вольга Емяльянчык sb.by.
Пацвердзіць гэта не так проста. Парэшткі былі пераадкладзеныя, гэта значыць, вынятыя з першапачатковага месца пахавання, і аналізы не давалі пераканальных вынікаў.
Але пры чарговых раскопках навукоўцам пашанцавала: на тэрыторыі храма знайшлі закрыты саркафаг XII стагоддзя, у якім быў непашкоджаны жаночы шкілет.
Супрацоўнікі Полацкага ўніверсітэта надумалі звязаць гэтую знаходку з чарапамі, якія былі выяўленыя раней. Пры дапамозе расейскіх даследнікаў, якія правялі генетычны аналіз, высветлілася, што жанчыны цесна паміж сабой звязаныя. Гаворка ідзе пра ўзровень «дачка – маці – сястра».
Паводле словаў Вольгі Емяльянчык, высокая верагоднасць, што яны сваячкі Еўфрасінні Полацкай. На гэта ўказваюць некалькі фактаў. У самім жыціі прападобнай сказана, што ўслед за ёй манаства прынялі родная і стрыечная сёстры, пляменніцы.
Таксама расейскія навукоўцы ў лабараторыі антрапалагічнай рэканструкцыі аднавілі з чарапоў твары, генетычны аналіз «падказаў» колер вачэй і валасоў. Чатыры жанчыны пры жыцці былі блакітнавокімі бландзінкамі. Так маглі праявіцца скандынаўскія карані прадстаўніцаў княжацкага роду Рагвалодавічаў.