19 сакавiка 2025, Серада, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Браты Карычы паскардзіліся на Лукашэнку ў суд ЕЗ

4
Браты Карычы паскардзіліся на Лукашэнку ў суд ЕЗ

Кампанія "Дана Астра" паспрабавала аспрэчыць санкцыі.

Суд Еўрапейскага звязу ў Люксембургу пакінуў у сіле санкцыі супраць "Даны Астры". Кампанія спрабавала іх абскардзіць ужо другі раз.

«Дана Астра» - падраздзяленне беларускай кампаніі Dana Holdings, асноўнымі ўладальнікамі якой лічыцца сям'я сербскіх бізнэсоўцаў Карычаў. Паводле інфармацыі СМІ, яны блізкія да Аляксандра Лукашэнкі. У Менску кампанія сярод іншага займаецца будаўніцтвам буйнога жылога комплексу «Мінск Мір», паведамляе «Зеркало».

Пасля падзей 2020 года Dana Holdings і ягоныя "дочкі" патрапілі пад еўрапейскія, а затым амерыканскія санкцыі, якія прадугледжваюць замарозку рахункаў, забарону на супрацоўніцтва з кампаніяй і выдачу ёй крэдытаў.

У абгрунтаванні пры ўвядзенні санкцый ЕЗ сцвярджалася, што ўладальнікі холдынгу падтрымліваюць шчыльныя стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам (яго нявестка Лілія Лукашэнка займае ў кампаніі высокую пасаду) і такім чынам здабываюць выгаду з супрацоўніцтва з беларускім рэжымам.

Аднак кампанія разважыла, што патрапіла ў санкцыйны спіс неабгрунтавана, і падала пазоў у Еўрапейскі суд з патрабаваннем скасаваць пастанову. Адвакаты пазначылі, што «Дана Астра»:

не атрымлівае ніякай выгады ад рэжыму Лукашэнкі і не падтрымлівае яго;

тое, што Лілія Лукашэнка працавала ў кампаніі, не можа служыць пацверджаннем высновы аб тым, што «Дана Астра» атрымлівае выгаду ад гэтага рэжыму і падтрымлівае яго;

урад Беларусі ўключыў яе ў спіс прадпрыемстваў з замежным капіталам, якія зазналі абмежаванні, што пацвярджае яе незалежнасць ад уладаў;

развіццё «Мінск Міру» (Minsk World), аднаго з найбуйнейшых дэвэлаперскіх праектаў у Беларусі, не з'яўляецца доказам яе сувязі з рэжымам;

кампанія сутыкаецца з фінансавымі цяжкасцямі праз санкцыі і пастановы беларускіх уладаў.

«Заяўнік звяртае ўвагу на варожае асяроддзе для замежных кампаній, створанае рэжымам Лукашэнкі, і негатыўныя наступствы гэтых захадаў для яго бізнэсу ў Беларусі, для развіцця праекту «Мінск Мір». У выніку гэтых мер рэалізацыя праекта была істотна затрымана і цяпер ажыццяўляецца ў страту і пад ціскам», - гаворыцца ў матэрыялах суда.

Суд прызнаў пазоў кампаніі непрымальным і неабгрунтаваным. У судзе адзначылі, што пазоў быў пададзены з парушэннем тэрмінаў, але нават калі б ён быў пададзены ў час, то аргументы Dana Astra не зняпраўлваюць яе выгаду ад рэжыму Лукашэнкі. Да таго ж, працяг працы над праектам «Мінск Мір» сведчыць аб яе шчыльных сувязях з уладамі.

Такім чынам, санкцыі супраць «Дана Астра» застаюцца ў сіле, забудоўшчык таксама абавязаны аплаціць судовыя выдаткі, панесеныя Радай ЕЗ падчас працэсу.

Нагадаем, гэта ўжо другая спроба кампаніі абскардзіць санкцыі. Першы раз «Дана Астра паспрабавала зрабіць гэта ў 2023 годзе, заяўляючы, што не маюць дачынення да беларускіх уладаў. Яны заявілі, што іх «эканамічны поспех не звязаны з гэтым рэжымам, а з'яўляецца вынікам своечасовых укладанняў капіталу ў хуткарослы рынак нерухомасці Беларусі ў выніку інавацыйнай і прыбытковай бізнэс-мадэлі, заснаванай на рыначнай эканоміцы». Аднак суд пастанавіў, што дзейнасць кампаніі немагчымая без ухвалення рэжыму Лукашэнкі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках