Урад Сербіі сышоў у адстаўку пасля масавых пратэстаў у Бялградзе
3- 19.03.2025, 20:05
- 5,092

Новы кабмін павінен быць сфармаваны цягам 30 дзён.
Урад Сербіі на чале з прэм'ерам Мілашам Вучэвічам сышоў у адстаўку на фоне пратэстаў у краіне, якія набіраюць абароты, паведамляе Politico. Новы кабмін павінен быць сфармаваны цягам 30 дзён – да 18 красавіка. Калі гэтага не адбудзецца, будуць прызначаныя пазачарговыя парламенцкія выбары. Прэзідэнт краіны Аляксандр Вучыч раней дапусціў, што яны могуць адбыцца 8 чэрвеня. Апошнія ўсеагульныя выбары ў Сербіі прайшлі паўтара года таму.
Хоць Вучэвіч абвясціў пра сыход яшчэ ў канцы студзеня, парламент пацвердзіў ягоную адстаўку толькі 19 сакавіка, неўзабаве пасля таго, як у Бялградзе прайшла найбуйнейшая за апошнія дзесяцігоддзі акцыя пратэсту. Мітынг адбыўся ў суботу, 15 сакавіка. Толькі паводле афіцыйных ацэнак, у ім удзельнічалі 107 тыс. чалавек. Паводле падлікаў маніторынгавай арганізацыі Public Assembly Archive, лік быў у тры разы вышэйшы – 325 тыс. чалавек.
Пры гэтым пратэсты ў Сербіі прадаўжаюцца ўжо некалькі месяцаў. Яны пачаліся ў лістападзе пасля падзення бетоннага падстрэшка над уваходам у будынак чыгуначнага вакзала ў Нові-Садзе. Тады загінулі 15 чалавек ва ўзросце ад шасці да 74 гадоў. Жыхары Сербіі выступілі супраць карупцыі ў краіне, запатрабавалі змусіць да адказнасці вінаватых у трагедыі і адстаўкі ўраду. Ядро хвалі пратэстаў, як мяркуецца, – студэнты.
На апошняй акцыі адбылося некалькі інцыдэнтаў. Спачатку невядомы на BMW заехаў у натоўп і збіў трох чалавек, пры затрыманні ён чыніў супраціў. А падчас 15 хвілінаў маўчання, калі ўдзельнікі мітынгу шанавалі памяць загінулых, раздаўся прыглушаны гук і натоўп рэзка падзяліўся на дзве часткі людзей, якія беглі ў паніцы. Апазіцыя абвінаваціла паліцыянтаў у выкарыстанні «гукавой гарматы» для разгону дэманстрантаў, адзначаючы, што незадоўга да таго праваахоўнікі спешна пакінулі мясціну, а пацярпелыя потым звярталіся з характэрнымі сімптомамі. У МУС Сербіі назвалі гэтую версію «гнюснай хлуснёй», а прэзідэнт Вучыч паабяцаў сысці ў адстаўку, калі яму прад'явяць доказы ўжывання гукавой зброі супраць мірных грамадзянаў.
Пасля гэтага віцэ-прэзідэнтка апазіцыйнай Партыі свабоды і справядлівасці (ССП), дэпутатка Марыніка Цяпіч апублікавала фота атрада паліцыі ля будынка парламента побач з машынай з нейкай прыладай на капоце. Паводле словаў Цяпіч, гаворка ідзе пра амерыканскі акустычны выпраменьвальнік магутнасцю 146 дб, з максімальным радыусам дзеяння 1700 метраў. Іх у 2021 годзе набыло МУС Сербіі. На гэтым фоне лідар ССП Драган Джылас паабяцаў ініцыяваць расследаванне супраць Вучыча.